«Ён не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца». Польскі бок пракаментаваў перамовы па вызваленні Андрэя Пачобута

Кіраўнічка Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцкая пракаментавала сітуацыю з перамовамі па вызваленні палітзняволенага Анджэя Пачобута. Яе словы цытуе Польскае радыё для замежжа.

09.08.2024 / 11:13

Фота: sb.by

Яна запэўніла, што для вызвалення Пачобута прыкладаюцца ўсе намаганні. Аднак зазначыла, што «Пачобут мае на гэты конт сваё меркаванне і, перш за ўсё, ён не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца. І да гэтага элемента таксама трэба ставіцца вельмі сур'ёзна ў гэтым пытанні».

Папроцкая запэўніла, што «ёсць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам» і што гэта пытанне, якое пастаянна стаіць на парадку дня прэзідэнта. Кіраўнічка Канцылярыі спадзяецца, «што гэтая справа неўзабаве знойдзе добры фінал».

Гарадзенскі журналіст знаходзіцца за кратамі ўжо 40 месяцаў. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі 8 гадоў калоніі. Цяпер ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск.

У Польшчы патлумачылі, чаму расійскага шпіёна Рубцова не абмянялі на Пачобута

МЗС Польшчы: Пытанне вызвалення Пачобута мы абмяркоўваем напрамую з Беларуссю

Ці могуць дэмакратычныя сілы вызваліць палітвязняў праз сваю дыскрэдытацыю? Гэта ілюзія

Nashaniva.com