Звольнілі кіраўніка чарговага беларускага тэатра

З Гомельскага тэатра лялек звольнілі дырэктара Дзмітрыя Гарэліка, паведамляе «Зеркала» са спасылкай на крыніцы. З пачатку года сваіх кіраўнікоў страцілі ўжо некалькі тэатраў.

09.08.2024 / 11:24

Дзмітрый Гарэлік. Фота з сацсетак

Калі менавіта адбылося звальненне, не ўдакладнілі. На сайце тэатра пасада дырэктара цяпер вакантная. Прозвішча Гарэліка не згадваецца ў тэксце пра гісторыю тэатра, хоць ён кіраваў Гомельскім лялечным з 1 чэрвеня 1992 года. Вядома толькі, што па стане на 14 мая 2024 года пасада ўжо была вакантнай.

Прычынай звальнення з вялікай доляй верагоднасці сталі рэпрэсіі. У студзені гэтага года Гарэліка судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Праваабаронцы тады так і не даведаліся, у чым абвінавачвалі мужчыну і якое рашэнне прыняў суд.

Калі сітуацыя з судом стала публічнай, імя Гарэліка не было прыбрана з сайта калектыву — ён па-ранейшаму быў паказаны як дырэктар.

Звальненне Гарэліка цалкам упісваецца ў рэпрэсіўную палітыку ўладаў у сферы культуры: апошнім часам звальненні ў беларускіх тэатрах сталі рэгулярнымі:

У красавіку таксама быў звольнены дырэктар Беларускага тэатра лялек Дзмітрый Сямёнаў. Праўда, пазней высветлілася, што ён пайшоў на павышэнне — стаў намеснікам кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Nashaniva.com