Ва Украіне ўзброеная групоўка з 2014 года рыхтавалася да акупацыі Адэсы Расіяй. У яе складзе — беларуска

У групоўцы дзейнічалі пяць асноўных падраздзелаў: штурмавая група, снайперская група, разведная група, а таксама групы аператыўнага забеспячэння і сувязі, піша Радыё Свабода.

09.08.2024 / 13:08

Emilio Morenatti / AP

У Адэсе з мая 2024 года расследуюць справу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны, якія тычацца дзяржаўнай здрады, стварэння незаконнай ваенізаванай арганізацыі, незаконнага абыходжання з зброяй і апраўдання расійскай агрэсіі, піша Радыё Свабода.

Як высветлілі следчыя ў часе дасудовага расследавання, украінскі адвакат, які нарадзіўся ў Севастопалі, стварыў незаконнае ваенізаванае фарміраванне, якое рыхтавалася да садзейнічання Узброеным сілам Расіі ў выпадку акупацыі Адэсы.

Следчыя ўжо знайшлі доказы датычнасці да гэтага фармавання 23 грамадзян Украіны, Расіі, Кыргызстана, Беларусі, ЗША і Нямеччыны.

Паводле следства, групоўка пад назвай «ОБП» мела арганізацыйную структуру вайсковага тыпу. У ёй патрабавалі жорсткай дысцыпліны і падпарадкавання аднаму чалавеку. У арганізацыі праводзілі лекцыі, заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, стральбе і рукапашным баі. У групоўцы дзейнічалі пяць асноўных падраздзелаў: штурмавая група, снайперская група, разведная група, а таксама групы аператыўнага забеспячэння і сувязі.

Большая частка іншаземных удзельнікаў фарміравання нелегальна знаходзіліся ва Украіне. Папярэдне высветлілі, што ў яе склад уваходзілі 16 грамадзян Украіны, тры грамадзяніна Расеі і па адным грамадзяніне Беларусі, Кыргызстана, ЗША і Нямеччыны. Усе яны мелі свае пазыўныя.

Вядома, што грамадзянін ЗША з'яўляецца ўраджэнцам Сімферопаля.

Як стала вядома Свабодзе, паводле следства, у фарміраванне ўваходзіла грамадзянка Беларусі, якая ў ліпені 2023 года нібыта атрымала ва Украіне дазвол на сталае пражыванне. Яе пазыўны — Волха.

У часе ператрусу па месцы пражывання арганізатара ваенізаванага фармавання знайшлі 64 адзінкі агнястрэльнай зброі і вялікую колькасць боепрыпасаў да яе.

Паводле следства, групоўка пераехала ў Адэсу ў 2014 годзе пасля акупацыі Расіяй Крыма. З таго часу ў яе склад пачалі вербаваць іншых удзельнікаў і рыхтавацца да падрыўной дзейнасьці супраць Украіны.

Nashaniva.com