Лідар каталонскіх сепаратыстаў Карлес Пучдэмон пакінуў Іспанію

Каталонію ўзначаліў праціўнік аддзялення ад Іспаніі.

09.08.2024 / 14:22

Карлес Пучдэмон выступае перад прыхільнікамі каля каталонскага парламента 8 жніўня 2024 года. Фота: Joan Mateu / AP

Лідар каталонскіх сепаратыстаў Карлес Пучдэмон, абвешчаны іспанскімі ўладамі ў вышук, пасля з'яўлення ў Барселоне зноў пакінуў краіну. Пра гэта ў пятніцу паведаміў ягоны адвакат Гансала Бое, піша Deutsche Welle.

«Пучдэмон знаходзіцца за межамі іспанскай дзяржавы», — цытуе юрыста каталонская радыёстанцыя RAC1.

Былы кіраўнік Каталоніі адправіўся ў бельгійскі горад Ватэрлоа, дзе ён правёў папярэднія сем гадоў вымушанай эміграцыі, паведаміў генеральны сакратар яго партыі «Разам за Каталонію» Жордзі Туруль.

«Ён займаўся сваёй палітычнай працай і, скончыўшы яе, адправіўся дадому, як гэта робяць усе», — заявіў юрыст Пучдэмона журналістам, маючы на ўвазе нечаканае з'яўленне палітыка ў Барселоне.

Пучдэмон 8 жніўня выступіў перад тысячамі сваіх прыхільнікаў, пасля чаго зноў знік. Паліцыя не змагла яго затрымаць.

Каталонію ўзначаліў праціўнік аддзялення ад Іспаніі

У той жа дзень, 8 жніўня, парламент Каталоніі зацвердзіў кіраўніком рэгіянальнай адміністрацыі сацыяліста Сальвадора Іллю. Ён стане першым з 2010 года кіраўніком Каталоніі, які адхіляе яе імкненне да аддзялення ад Іспаніі.

На наступны дзень, 9 жніўня, генеральны сакратар партыі «Разам за Каталонію» Жордзі Туруль дапусціў, што ягоная фракцыя можа спыніць падтрымку ўрада ў ніжняй палаце парламента Іспаніі. Па словах Туруля, на змяненне яго пазіцыі паўплывала зацвярджэнне Сальвадора Іллі ў якасці кіраўніка Каталоніі, а таксама адмова Вярхоўнага суда Іспаніі зацвердзіць амністыю Пучдэмона, нягледзячы на прыняцце парламентам у Мадрыдзе адпаведнага закона.

Nashaniva.com