«Усё штатна», але меры прымаюцца. Што цяпер адбываецца вакол Курскай АЭС 

Узброеныя сілы Украіны ўжо чацвёрты дзень знаходзяцца на тэрыторыі Курскай вобласці і ўзялі пад кантроль як мінімум 20 населеных пунктаў. Ад Курскай АЭС яны знаходзяцца яшчэ за некалькі дзясяткаў кіламетраў, але на станцыі, як паведамляецца, ужо трывожацца і робяць некаторыя падрыхтоўчыя захады.

09.08.2024 / 18:58

Паводле інфармацыі мясцовых праўладных СМІ, пад'езды да Курскай АЭС цяпер перакрытыя. Тэхнічна гэта вырашаецца лёгка, паколькі, як сказаў супрацоўнік АЭС, «там дзве дарогі, на іх блок-пасты, паставіць ахову не проблема».

На блоках новай атамнай станцыі, якая цяпер будуецца побач са старой, усё абясточана, большасць будаўнікоў пакінула аб'ект. Пра змяншэнне колькасці персаналу афіцыйна паведаміў «Расатам».

Паводле інфармацыі выдання «Важные истории», яшчэ з 7 жніўня з будпляцоўкі АЭС сталі з'язджаць будаўнікі-вахтавікі — іх 10 тысяч у 40-тысячным Курчатаве.

«Тыя спецыялісты, што засталіся на будпляцоўцы, вядуць работы ў адпаведнасці з графікам. Усе сістэмы, якія забяспечваюць ход збудавання энергаблокаў, працуюць штатна», — заявілі ў прэс-службе генеральнага падрадчыка.

На дзейнай АЭС запэўніваюць, што ахова станцыі ўкамплектаваная і мае дастаткова сродкаў для абароны. На фоне ўступлення ўкраінскіх войскаў у рэгіён яна, маўляў, працуе ў штатным рэжыме. «Важные истории» даведаліся, што на службу ў ахове АЭС вярнулі мужчын-расгвардзейцаў, бо раней там у асноўным працавалі збольшага жанчыны.

Па словах крыніцы тых жа «Важных историй», кіраўніцтва АЭС рэкамендавала супрацоўнікам АЭС узяць адпачынкі за свой кошт і эвакуяваць дзяцей. 

Між тым мясцовыя паблікі паведамлялі, што над Курчатавым нібыта прагрымеў моцны выбух.

Паводле даных Z-каналаў, перадавому атраду УСУ ўдалося дайсці да вёскі Кромскія Быкі, якая размешчаная прыкладна за 30 км ад АЭС. Яшчэ бліжэй, на адлегласці 15 км, знаходзіцца траса Курск — Льгоў — Рыльск, кантроль над якой дазволіць украінскім сілам рухацца на ўсход у бок Курчатава.

Ад працы АЭС, якая размешчаная за 60 кіламетраў ад украінскай мяжы і складаецца з чатырох блокаў, залежаць 90% прамысловых прадпрыемстваў Курскай вобласці, яна пастаўляе электраэнергію ў 19 рэгіёнаў Цэнтральнай федэральнай акругі.

Акрамя таго, Курская АЭС цяпер адзіная ў Расіі станцыя, дзе актыўна будуюцца новыя інавацыйныя энергаблокі. У 2023 годзе на новабудоўлю даставілі корпус рэактара.

Не дзіўна таму, што бліжэй да яе цяпер перакінутыя «атрады спецыялістаў з ССА і ФСБ, якія павінны забяспечыць бяспеку стратэгічнага аб'екта». Таксама яшчэ ўчора паведамлялася, што каля АЭС размяшчаюць комплексы «Панцыр», а таксама «абсталююць дадатковыя рубяжы абароны».

Мэр Курчатава Ігар Карпункоў сёння папярэджваў жыхароў аб напружанай сітуацыі ў рэгіёне і заклікаў іх не паддавацца паніцы.

У Міжнародным агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ) заявілі, што сочаць за паведамленнямі пра падзеі вакол Курскай вобласці, дзе размешчаная АЭС, і знаходзяцца ў кантакце з РФ і Украінай. Пакуль, маўляў, няма падстаў для занепакоенасці адносна ядзернай бяспекі.

У ПВК «Вагнер» заявілі аб жаданні ўзяць удзел у баях у Курскай вобласці

Мінабароны Расіі паведаміла пра перакідку вайсковай тэхнікі ў Курскую вобласць

Мэр Курчатава, дзе знаходзіцца Курская АЭС, заявіў аб напружанай сітуацыі і баях за дзясяткі кіламетраў ад горада

Мінабароны Расіі паведаміла аб «прадухіленні рэйдаў УСУ ўглыб Курскай вобласці»

У Курскай вобласці ўкраінцы знішчылі расійскую вайсковую калону ВІДЭА

У пуцінскай адміністрацыі прыдумалі параўноўваць цяперашнія падзеі ў Курскай вобласці з бітвай на Курскай дузе

Nashaniva.com