«Божа, дай здароўя, Бацька дарагі». Спявак Герман Цітоў запісаў песню для Лукашэнкі

Палітыку прысвяцілі чарговую песню. Няскладную, але каго і калі гэта спыняла?

10.08.2024 / 15:54

Герман Цітоў. Скрыншот відэа ў яго інстаграме

Спявак Герман Цітоў выклаў песню ў гонар Лукашэнкі ў інстаграм. Вось якія там словы:

Божа, дай здароўя, Бацька дарагі,
Будзе ў краіны хлеб і пірагі.
Сапраўды народны, сапраўды герой.
Беларусь за Бацькам, як за моцнай сцяной.

@nashaniva У Ганны Сялук з'явіўся сапраўдны канкурэнт! І гэта не нейрасеткі #лукашенко #песниотвсейдуши #беларусь #нашаніва #ябатька #пропаганда ♬ оригинальный звук - Наша Ніва. Навіны

Аўтарка гэтых ліслівых радкоў — паэтка Валянціна Хлань. Песня ёй спадабалася. У сваім інстаграме яна суправадзіла відэа подпісам: «Увага! Увага! Гаворыць Беларусь! Пад беларускім сцягам — людскі славім саюз!».

Валянціна жыве ў Глуску і працуе ў у санаторнай школе-інтэрнаце педагогам-арганізатарам. Апошнія дзесяць гадоў жанчына піша вершы і музыку для беларускіх артыстаў (у асноўным не першай велічыні). Раённая газета «Радзіма» піша, што яе песні гучаць на «Славянскім базары», лукашэнкаўскім «Купаллі» ў Александрыі, на розных праўладных канцэртах.

Нядаўна Валянціне пашанцавала. На яе аматарскую творчасць звярнуў увагу спявак Герман Цітоў і прапанаваў дыстанцыйна супрацоўнічаць з яго прадзюсарскім цэнтрам.

Герман Цітоў і Валянціна Хлань. Скрыншот яе інстаграма

У інтэрв’ю той жа раёнцы Валянціна распавяла, што дзякуючы Герману напісала песню, якая менш чым праз суткі стала новым гімнам «Раскосмасу».

— Так выйшла, што знаходзілася на бальнічным, з'явіліся час і магчымасць для напісання песні, — гэта было напярэдадні Дня касманаўтыкі, да таго ж якраз з космасу на Зямлю вярнулася Марына Васілеўская. І тут нарадзілася ідэя стварыць кампазіцыю да Дня касманаўтыкі. Тэкст накідала літаральна за некалькі гадзін, адправіла яго Герману, ён ухваліў, напісаў музыку, адразу ж запісаў у студыі і адправіў у «Раскосмас» — як падарунак брацкаму народу да свята.

На наступны дзень, 11 красавіка, Валянціне сталі тэлефанаваць з беларускага і расійскага пасольстваў з навіной, што кампазіцыя спадабалася, яна прызнана новым гімнам «Раскосмасу», а раніцай ужо трэба вылятаць у Маскву на святкаванне Дня касманаўтыкі.

— Атмасфера на свяце, вядома, была сапраўды неверагоднай, касмічнай. Я сядзела ў першым шэрагу. У зале былі прадстаўнікі «Раскосмасу», навукоўцы, вынаходнікі, касманаўты, выступалі зоркі сусветнага маштабу. У завяршэнні Герман выканаў новы гімн, для ўсіх гэта было сюрпрызам, поўнай нечаканасцю, кампазіцыя выклікала буру захаплення ў публікі.

«На руках нясе наш народ». Праўладная спявачка прысвяціла песню Лукашэнку

«Батька у нас крутой, в мире один такой». Лукашэнку прысвяцілі чарговую крынджовую песню

Нявестка Лукашэнкі прысвяціла песню Году якасці 

Nashaniva.com