Дэмсілы зладзілі прыём у Празе з нагоды 9 жніўня. Быў незвычайны госць — дыпламат саюзнай Лукашэнку краіны
Падрабязнасці даведаўся карэспандэнт «Нашай Нівы», які таксама быў на прыёме.
10.08.2024 / 15:19
Прыём беларускіх дэмсілаў з нагоды гадавіны выбараў 9 жніўня ў Празе. Фота прадастаўлена «Нашай Ніве» Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе
Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе арганізаваў прыём з нагоды чацвёртай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, куды запрасілі беларускіх актывістаў, грамадскіх дзеячаў, былых палітвязняў, а таксама чэшскіх чыноўнікаў і дыпламатаў розных краін.
Сярод замежных дыпламатаў і паслоў, якія наведалі прыём, аказаўся і прадстаўнік Арменіі — другі сакратар пасольства Арменіі ў Чэшскай рэспубліцы Арам Карамян.
Падобнага афіцыйнага ўдзелу армянскага боку ў мерапрыемствах, арганізаваных беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў Чэхіі, раней не было, адзначыла «Нашай Ніве» арганізатарка прыёму і кіраўніца Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе Крысціна Шыянок.
Ва ўступнай частцы прыёму Шыянок нагадала ўсім прысутным пра цяжкі лёс беларускіх палітвязняў і грамадства ў цэлым і падкрэсліла неабходнасць больш шчыльнага супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з іх партнёрамі і саюзнікамі.
«Я хачу падзякаваць усім нашым сябрам і палітычным саюзнікам за іх падтрымку на працягу ўсіх гэтых гадоў. Я рада бачыць тут прадстаўнікоў Арменіі, Францыі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Польшчы і іншых. Асабліва хачу падзякаваць пасольству ЗША, якое дапамагло нам арганізаваць у маі гэтага года самы буйны кангрэс па беларускіх палітвязнях.
Я лічу, што чым больш мы ўсе будзем супрацоўнічаць, тым менш у Расіі будзе шанцаў навязаць таталітарнае кіраванне суседнім дзяржавам і тым бяспечнейшай будзе Еўропа ў будучыні», — заявіла арганізатарка прыёму Крысціна Шыянок.
Усе прысутныя глядзелі зварот Святланы Ціханоўскай, спецыяльна запісаны для гасцей прыёму.
Арам Карамян, другі сакратар пасольства Арменіі ў Чэшскай рэспубліцы, і Крысціна Шыянок, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у Чэхіі і кіраўніца Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе. Фота прадастаўлена «Нашай Ніве» Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе
Пашынян: Я не наведаю Беларусь, пакуль прэзідэнтам будзе Лукашэнка
У Дзень Годнасці 9 жніўня ў розных гарадах свету прайшлі беларускія акцыі ФОТЫ