У Мінску прадаюць пасажырскі цеплаход разам з прычалам

Вось колькі за яго хочуць выручыць.

10.08.2024 / 09:56

На аўкцыённай пляцоўцы «ІПМ-таргі» з'явілася цікавая аб'ява. Тут прадаюць цэлы цеплаход. Продаж вялікіх водных транспартных сродкаў у Беларусі і без таго з'ява рэдкая, а ў Мінску так і зусім рэдкая, піша Blizko.by.

ТАА «Бізнэс РМ» прадае цеплаход з двума прычальнымі пантонамі. Уся маёмасць знаходзіцца на Камсамольскім возеры, у музейна-паркавым комплексе «Перамога».

У складзе лота тры прадметы: пасажырскі цеплаход для перавозкі пасажыраў на мясцовай лініі «Новы Нясвіж» (пабудаваны ў 1954 годзе, рэгістрацыйны нумар РБ-133) і два прычальныя пантоны: «ПП-04» і «ПП-038» (пабудаваны адпаведна ў 1967 і 1976 гадах, маюць рэгнумары РБ-135 і РБ-134).

Працаздольнасць вузлоў і агрэгатаў не правяралася. Пры інструментальным кантролі, дыягностыцы, разборцы магчыма выяўленне схаваных дэфектаў.

Стартавы кошт лота — 195.000 рублёў.

Крок аўкцыёну складае 5% ад цаны. Акрамя таго, пераможца павінен будзе аплаціць 4% ад цаны продажу лота як ўзнагароджанне арганізатару таргоў, а таксама 500 рублёў выдаткаў. Гэта значыць, пакупнік павінен будзе выкласці мінімум 213.440 рублёў, або 68.690 даляраў ЗША.

Таргі адкрыюцца 3 верасня а 11:00.

Nashaniva.com