Гісторыя беларускі, якая закахалася ва ўкраінскага вайскоўца і ездзіць да яго на фронт

Арына з’ехала з Беларусі ва Украіну ў 2021 годзе пасля затрымання. З таго часу дзяўчына жыве і працуе ў Кіеве. Аднойчы ў Instagram яна пазнаёмілася з былым айцішнікам, а цяпер вайскоўцам Данілам. У іх завязаліся рамантычныя стасункі. І цяпер беларуска рэгулярна ездзіць да каханага на фронт. Сваю гісторыю дзяўчына расказала «Люстэрку».

10.08.2024 / 13:34

Арына і Даніла ў Пакроўску. Украіна, 2024 год. Фота: асабісты архіў

«Было адчуванне, што мы больш не ўбачымся»

24-гадовая Арына ўцякла з Беларусі пасля затрымання сілавікамі ў 2021 годзе і з таго часу жыве і працуе ў Кіеве. Месца працы просіць не называць з меркаванняў бяспекі, кажа толькі, што працуе з дому. Ужо амаль паўгода яна сустракаецца з украінскім вайскоўцам Данілам. Данілу 24 гады і да поўнамасштабнай вайны ён працаваў у сферы IT. Яны знайшлі адно аднаго ў Instagram і там пачалі камунікаваць.

— Першы час перапісваліся па-ўкраінску, — прыгадвае дзяўчына. — Я з любым незнаёмым чалавекам ва Украіне пачынаю размову па-ўкраінску. А калі бачу, што ён прывыкае да мяне, калі мне робіцца камфортна, пераходжу на беларускую.

Праўда, як высветлілася крыху пазней, першыя месяцы камунікацыі праз перапіску для Данілы былі не такімі простымі: хлопцу часам даводзілася прыкладаць высілкі, каб слушна зразумець напісанае.

— Часам я заўважала, што ён карыстаецца перакладчыкам, — усміхаецца Арына, — але не разумела, наколькі яму складана, працягвала балакаць па-беларуску. Але ў выніку ён прывык. Цяпер сам часам можа выкарыстаць беларускае слова. Яму нашая мова вельмі падабаецца. З пункту гледжання кантэксту таксама было няпроста. Я ж не планавала рамантычных стасункаў спачатку. Я проста расказвала, што мяне хвалюе і цікавіць, пра сваё мінулае, Беларусь. Ён кожны раз дэманстраваў зацікаўленасць, распытваў, суперажываў, праводзіў нейкія паралелі, расказваў пра свой досвед, як прыязджаў у Беларусь аўтаспынам у 16 гадоў, а пазней сачыў за нашымі падзеямі ўжо ў 2020-м.

Моўнае пытанне ўзнікла і падчас першай сустрэчы ў Дняпры, дзе маладыя людзі дамовіліся пабачыцца афлайн.

— Ён упершыню слухаў беларускую мову ўжывую, яму трэба было аўдыяльна падстроіцца, што было даволі цяжка, — расказвае Арына. — У мяне звычайна няма страху ці дыскамфорту, калі я камунікую з новымі людзьмі. А з ім такое было: адчувала сябе нейкай школьніцай, якая трохі фанацее ад старшакласніка. І калі б у мяне была магчымасць вывучыць ягоны расклад і хадзіць з сяброўкай калідорам міма яго класа, я б толькі гэтым і займалася. Але пры гэтым у яго амаль увесь час быў так званы покерфэйс. Я не была ўпэўненая, што яму гэтая сустрэча цікавая, таму і сама паводзілася стрымана, было адчуванне, што мы больш не ўбачымся. Як потым высветлілася, у яго былі такія ж пачуцці, але ён бачыў мой покерфэйс і таксама стрымліваўся. І мы працягнулі стасавацца.

Арына і Даніла ў Пакроўску. Украіна, 2024 год. Фота: асабісты архіў

Першае сапраўднае спатканне ў пары адбылося ў Львове, родным горадзе Данілы. Вядома, хлопец не мог пакінуць месца дыслакацыі, але гэта не перашкодзіла: ён прапанаваў відэазванок.

— Даніла запрасіў прагуляцца вуліцамі, бо выдатна памятае кожны завулак горада, і хацеў са мной падзяліцца гісторыяй і любімымі месцамі, — гаворыць Арына. — Я спецыяльна прыгожа апранулася, а ён у сваю чаргу папрасіў пабрацімаў некалькі гадзін яго не турбаваць. Спачатку мы звязаліся па відэа, але сувязь падвяла, таму далей я проста гуляла ў слухаўках, размаўляючы. Ён пытаў, якой вуліцай я іду, каб зарыентавацца, і так правёў мяне да гатэля.

На наступны дзень, акурат 14 лютага, Даніла даслаў дзяўчыне вялікі букет кветак, даведаўшыся адрас праз знаёмых. Такія жэсты пераканалі Арыну ў сур’ёзнасці намераў маладога чалавека:

— Я зразумела, што ён рамантычна мной зацікаўлены, і вырашыла да яго прыехаць яшчэ раз.

«Няма стрэсу, калі чую выбухі, проста хочацца хутчэй заснуць ці заняцца сваімі справамі»

Яны сустрэліся ў Пакроўску. Гэта горад у Данецкай вобласці Украіны. Да пачатку поўнамаштабнай вайны там жыло 60 тысяч чалавек. Цяпер прыкладна за 25 кіламетраў ад яго ідуць баявыя дзеянні. Там ваюе Даніла. Як адзначае Арына, у Пакроўску вельмі шмат разбураных будынкаў, а абстрэлы не спыняюцца ні днём, ні ноччу.

— Бывае так, што проста праз сам гук не можаш нармальна выспацца, але ўжо нават нястрашна. Зранку выходзіш і бачыш, што ў горадзе жыццё працягваецца, няма нейкага шоку, ступару. Мясцовыя ў такіх умовах жывуць ужо некалькі гадоў. У агульнапрынятым сэнсе гэта ненармальна, але людзі прывыклі, — расказвае дзяўчына. — Найбольш уражваюць дзеці! Мне здаецца, што, пакуль у гэтых месцах ля фронту ёсць дзеці, жыццё будзе перамагаць. У парках і кавярнях шмат дзяцей з бацькамі, падлеткаў. Я не ведаю, у якім рэжыме там працуюць школы, хутчэй за ўсё, дыстанцыйна. Бо ад моманту трывогі да прылёту — літаральна тры секунды.

Таксама ўражвае малы бізнес. Я як беларуска не прывыкла ў маленькіх гарадах бачыць такую колькасць розных установаў: мільярд месцаў з кавай, рэстарацыі з рознай кухняй, ад турэцкай да бургерных і кальянных. І гэта ў звычайным прамысловым горадзе, ды яшчэ пад абстрэламі! Прыехаць на ўсход за 25 км ад фронту і ў сапраўды фэнсі-рэстаране (модны рэстаран. — Заўв. рэд.) павячэраць ці паснедаць усялякімі моднымі сырнікамі ці чызкейкамі — гэта, вядома, уражвае. У многіх у Беларусі ў гарадах-статысячніках няма магчымасці так сучасна жыць, як у прыфрантавых гарадах Украіны.

Пакроўск, Украіна, вясна 2024 года. Фота: асабісты архіў

Менавіта там, у Пакроўску, Даніла прапанаваў Арыне быць разам. Дзяўчына пагадзілася і з таго часу раз на паўтара месяца прыязджае сюды да каханага. Яна працуе дыстанцыйна, таму можа дазволіць сабе такія вандроўкі. Арганізацыю ж на сябе бярэ хлопец: замаўляе білеты, арандуе кватэру: гатэлі ў Пакроўску даўно не працуюць.

— Мне застаецца сесці на цягнік — і гадзін праз пятнаццаць я на месцы. На такія спатканні я бяру з сабой аптэчку, турнікеты, дакументы, наяўныя грошы, паўэрбанкі, — спакойна пералічвае дзяўчына і дадае, што ў Кіеве прывыкла да ракетных абстрэлаў. — Я заспела ў сталіцы самыя моцныя абстрэлы: былі перыяды, калі ледзь не кожную ноч ляцелі расійскія ракеты і беспілотнікі. Нягледзячы на вельмі магутную супрацьпаветраную абарону, аскепкамі разбураюцца будынкі. Ты прывыкаеш і да гукаў, і да ўсяго. Калі прыязджаю на ўсход, разумею, што псіхіка ўжо больш-менш падрыхтаваная. Няма стрэсу, калі чую выбухі, проста хочацца хутчэй заснуць ці заняцца сваімі справамі. Само жыццё ва Украіне ўжо прымушае адаптавацца да ўмоваў вайны.

Паводле назіранняў дзяўчыны, украінцаў усё больш турбуюць праблемы з энергетыкай. Праз расійскія атакі на стратэгічныя аб’екты бывае, што адключэнні святла доўжацца ад 12 да 20 гадзін.

— Я думаю, многіх зараз гэта нашмат больш будзе хваляваць. Момант заканчэння жыцця часта імгненны, а немагчымасць папросту папраць рэчы, схадзіць у ванну, душ, зрабіць сабе каву і падзарадзіць ноўтбук, каб папрацаваць, — гэта штодзённасць, якая выклікае не менш стрэсу, чым абстрэлы.

«Вельмі шкада, што я яго не сустрэла да пачатку вайны»

Арына прызнаецца, што рашэнне ўступіць у стасункі з украінскім вайскоўцам было для яе няпростым.

— Калі ён мне прапанаваў рамантычныя адносіны, я хвалявалася, што з маёй адвечнай тэмай Беларусі хутка перастану быць яму цікавая, бо гатовая гаварыць пра гэта гадзінамі, — расказвае дзяўчына. — Таксама было цяжка праз папярэдні досвед рознага кшталту ўзаемадзеянняў з вайскоўцамі: адчувала пэўны недавер. Але стасуючыся з гэтым чалавекам, я зразумела, што адносіны з ім, нягледзячы на адлегласць, даюць мне вельмі шмат. І я вырашыла рызыкнуць, пайсці на гэты крок. І пакуль ні разу не пашкадавала. Ён вельмі годны чалавек, і нашая часам нестабільная камунікацыя мяне напаўняе, дае рэсурс, новыя веды, настрой.

Паводле беларускі, будаваць узаемаадносіны прасцей людзям з агульнай траўмай — у выпадку дзяўчыны гэта вымушаная эміграцыя. Так прасцей знайсці агульную глебу, заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Але неўзабаве дзяўчына зразумела, што такія стасункі не дапамагаюць ёй даць рады балючаму мінуламу.

— У Данілы свой боль, за сваю краіну. Але гэта не перашкаджае нам разумецца і падтрымліваць адно аднаго, — лічыць беларуска. — Яму 24, адпаведна, ён не падпадаў пад мабілізацыю, але пайшоў у войска з уласнага жадання. Вядома, цяпер гэтым нікога не здзівіш. Але ён быў вельмі паспяховым айцішнікам, маючы перспектыву зрабіць бліскучую кар’еру. Насамрэч ён мог бы і далей працягваць дапамагаць украінскай арміі, працуючы на сваёй цывільнай працы ў родным Львове, данаціць вялікія сумы. Але вырашыў, што не можа заставацца дома, калі ў краіне такая бяда.

Арына і Даніла ў Пакроўску. Украіна, 2024 год. Фота: асабісты архіў

Беларуска кажа, што сустрэчы раз на паўтара месяца — гэта досыць часта. Але наперадзе доўгія дні без магчымасці ўбачыцца і стэлефанавацца.

— Я цяпер такая шчаслівая, закаханая, — кажа яна. — Але разумею, што наперадзе самае страшнае: доўгія перыяды хваляванняў, бо сітуацыя на фронце сапраўды жахлівая. А ён там працуе ўсё ж. Думаю, надыдуць дні, калі я не знайду, чым і як яго падтрымаць. Не змагу падабраць словы, калі яму будзе балюча. Такое ўжо было і ёсць, калі яго знаёмыя трапляюць у шпіталі ці гінуць. Усё гэта вельмі страшна. Пры гэтым ён кажа — і я яму веру, — што нашыя стасункі даюць яму сілы ўсё гэта перажываць, змагацца далей і марыць пра цывільнае жыццё. Хоць умоваў для аптымістычных надзеяў цяпер няшмат. Спадзяюся, мы і далей будзем даваць адно аднаму сілы ісці наперад. У мяне сваё змаганне за вяртанне дадому, у яго — за вызваленне роднай краіны.

Калі мы толькі пачалі ўзаемаадносіны, ён галантна ў мяне спытаў: «А ці не праблема тое, што я не ўключаны ў беларускую нацыянальна-вызваленчую барацьбу?» Я сказала: «Ды не». А сама сабе падумала: «Ты ўсё яшчэ думаеш, што не ўключаны?» — смяецца дзяўчына і дадае: — Не, мы ўжо разам. Ён таксама ўключаецца ў наш кантэкст, і я гэта вельмі цаню. Як і я са свайго боку далучылася да змагання за праўду, за Украіну. Бо я тут знаходжуся, я тут жыву, і мне не ўсё роўна.

Паміж сустрэчамі ў пары паспелі з’явіцца пэўныя традыцыі, што дапамагаюць падтрымліваць сувязь на адлегласці.

— Стараемся стэлефаноўвацца вечарам: у ідэале было б, вядома, кожны дзень. Але і ў мяне вельмі насычаны тэмп жыцця, і ў яго праз службу не заўсёды атрымліваецца. Таму яму, між іншым, давялося асвоіць відэапаведамленні ў Telegram, якімі ён дагэтуль практычна не карыстаўся, — гаворыць беларуска. — У іх ён знаёміць мяне са сваімі пабрацімамі, спявае мне песні, паказвае мясцовых катоў і сабак — карацей, часцінкі яго жыцця. Час ад часу дасылаем адно аднаму падарункі, сюрпрызы поштай. Напрыклад, у самым пачатку знаёмства Даніла напісаў, што хоча некага пачаставаць пірожнымі і кавай, папрасіў, каб я аплаціла сваёй карткай, а ён верне. Але даслаўшы грошы, ён удакладніў: «Гэта табе. Выпі кавы, нібыта са мной». А я аднойчы зайшла ў адну з яго любімых кавярняў у Львове, купіла там два штрудзелі, каву і даслала яму. Спадзяюся, даедуць і соус не выльецца. Дадала фотаздымак з кавярні, падпісаўшы: «У нас з табой сёння была кава, дарагі мой, але твая прыйдзе да цябе трошачкі пазней». Як у рамантычных фільмах, пырскаю сваёй парфумай на лісты, перапісваю беларускія вершы. Ён вельмі чулліва на гэта рэагуе, захоўвае мае здымкі. Часам думаю пра тое, што ў нейкай напаўразваленай хаце на Данбасе вісіць мой фотаздымак насупраць ложка майго каханага хлопца і ён перад сном на яго глядзіць. Мяне гэта расчульвае.

Дзяўчына перапыняе аповед, каб падпаліць цыгарэту. І задуменна дадае:

— Мне часам вельмі шкада, што я яго не сустрэла да пачатку поўнамаштабнай вайны, мне б вельмі цікава было дазнацца, якім ён быў. Ён і сам шкадуе, што мы не сустрэліся раней. Але ў такім выпадку мы б, бадай, увогуле не знайшлі адно аднаго. Сам Даніла лічыць, што вельмі змяніўся за час вайны, стаў больш суворы. Але я адчуваю ў ім эмацыйнага і чуллівага чалавека, і мне гэта вельмі падабаецца. Нягледзячы на ўсю яго рацыянальнасць, ён усё роўна застаецца хлопцам з гарачым сэрцам.

Nashaniva.com