У Трампа заявілі аб узломе ўнутранай камунікацыі кампаніі

Кампанія кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа заявіла, што некаторыя яе ўнутраныя камунікацыі былі ўзламаныя, і абвінаваціла ў гэтым Іран.

11.08.2024 / 08:57

Дональд Трамп, Bill Pugliano / Getty Images

Раней у суботу выданне Politico паведаміла, што атрымала электронныя лісты з ананімнага акаўнта, які даслаў дакументы з перадвыбарнай кампаніі Трампа. Яны змяшчалі ўнутраную камунікацыю высокапастаўленага прадстаўніка кандыдата ў прэзідэнта і даследчае дасье, сабранае кампаніяй у дачыненні да напарніка Трампа, сенатара ад Агаё Джэй Д. Вэнса.

Дасье ўключала звесткі, што кампанія Трампа вызначыла патэнцыйна ўразлівыя месцы Вэнса. Выданню таксама даслалі частку дакумента аб сенатары ад Фларыды Марка Рубіа, які быў адным з прэтэндэнтаў на тое, каб далучыцца да Трампа ў спісе Рэспубліканскай партыі.

Прадстаўнікі трампа заявілі, што злітыя дакументы былі атрыманыя незаконна з замежных крыніц, варожых Злучаным Штатам. А іх мэта — умяшацца ў выбары 2024 года і пасеяць хаос у дэмакратычным працэсе.

У пятніцу ў новай справаздачы Microsoft было выяўлена, што іранскія хакеры ўзламалі ўліковы запіс «высокапастаўленага чыноўніка» прэзідэнцкай кампаніі ЗША у чэрвені 2024 года, што супадае з часам выбару Трампам кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта. 

Прадстаўнікі рэспубліканца лічаць, што за ўзломам стаіць Іран, каб супрацьстаяць жаданню Трампа спыніць тэрор. У ісламскай краіне абверглі абвінавачанні.

Nashaniva.com