Уплывовае заходняе выданне назвала аўтара ідэі наступаць на Курск

Аперацыя УСУ, якая рыхтавалася некалькі месяцаў, стала поўнай нечаканасцю для Расіі.

11.08.2024 / 09:36

Калаж: The Times.

Калі з'явіліся паведамленні пра вайскоўцаў у Курскай вобласці, гэта выглядала чарговай дыверсіяй антыпуцінскіх апалчэнцаў. Але пасля стала зразумела, што за рызыкоўнай аперацыяй стаяць Кіеў і УСУ, якія прагнуць нанесці стратэгічны контрудар Расіі.

Аперацыя, якая старанна планавалася некалькі месяцаў, стала нечаканасцю для Масквы і заходніх партнёраў Украіны. І ў ёй выразна бачны ўплыў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта піша The Times.

«Паўсюль асабістыя адбіткі пальцаў прэзідэнта Зяленскага. У Кіеве на працягу многіх месяцаў было сакрэтам, што прэзідэнт ціснуў на сваё ваеннае кіраўніцтва, каб яно пачынала летні наступ», — піша выданне.

Праз ​​праблемы з жывой сілай і рэсурсамі украінскія высокапастаўленыя вайскоўцы вагаліся, але Зяленскі, жадаючы змяніць наратыў аб тым, што Украіна прайграе вайну, настаяў на аперацыі.

Як піша The Times, для гэтай аперацыі задзейнічалі ад 6000 да 10000 вайскоўцаў. Камандаванне гатовае рызыкаваць каштоўнымі салдатамі і абсталяваннем дзеля дасягнення поспеху.

Nashaniva.com