Пайшоў папіць і заблудзіўся. Сталі вядомыя падрабязнасці гісторыі знікнення хлопчыка ў Шчучынскім раёне

Знайшлі дзіця мясцовыя жыхары, якія адправіліся шукаць яго з міліцыяй і МНС.

11.08.2024 / 20:25

Трохгадовага хлопчыка, які згубліўся ў лесе ў Шчучынскім раёне, знайшлі мясцовыя жыхары, паведаміў «Спутніку» кіраўнік ПСА «Анёл» Сяргей Коўган.

Дзіця знікла ў нядзелю, 11 жніўня, каля 14:30 у лесе каля вёскі Даўлюдаўшчына. Шукаць яго адправіліся супрацоўнікі мясцовага РАУС, МНС, вайскоўцы ўнутраных войскаў і добраахвотнікі.

Па словах Коўгана, хлопчык з дзядулем і бацькам адправіўся за грыбамі, у нейкі момант ён захацеў піць і пайшоў да машыны па ваду, якая знаходзіцца непадалёк. 

Усяго каля 320 чалавек шукалі малога на працягу чатырох гадзін. 

«Знайшлі хлопчыка мясцовыя жыхары за два кіламетры ад месца, дзе знаходзіліся дарослыя», — сказаў Коўган.

Ён таксама адзначыў, што дзіця ў медыцынскай дапамозе не мела патрэбу, і яго перадалі бацькам.

Nashaniva.com