Новы лідар ХАМАС перадаў Ізраілю, што хоча перамір'я

Ях'я Сінвар, абраны кіраўніком палітбюро руху ХАМАС пасля забойства Ісмаіла Ханіі, перадаў праз егіпецкіх і катарскіх пасярэднікаў Ізраілю, што ён хоча перамір'я, піша CNN са спасылкай на ізраільскую крыніцу. 

11.08.2024 / 22:19

Па словах двух суразмоўцаў CNN у Ізраілі, прэм'ер-міністр краіны Біньямін Нетаніяху гатовы на заключэнне здзелкі. Але адна з крыніц CNN сказала, што насамрэч «ніхто не ведае», чаго хоча Нетаніяху.

Улады ЗША тым часам далі зразумець ізраільскаму кіраўніцтву, што чакаюць ад яго заключэння пагаднення аб спыненні агню, каб пазбегнуць шырокай рэгіянальнай вайны, сказаў суразмоўца CNN.

Кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія быў забіты ноччу 31 ліпеня ў Тэгеране, куды ён прыехаў на інаўгурацыю новага прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіана. Ён быў забіты ў выніку выбуху бомбы ў доме, дзе спыніўся. Афіцыйна ізраільскія ўлады не бралі на сябе адказнасць за гібель Ханіі.

Іран заявіў, што Ізраіль перайшоў «усе чырвоныя лініі», і паабяцаў хуткі і жорсткі адказ.

ЗША, Егіпет і Катар у сумеснай заяве заклікалі Ізраіль і ХАМАС неадкладна заключыць пагадненне аб спыненні агню і вызваленні ізраільскіх закладнікаў. Пасярэднікі паведамілі, што чакаюць бакі на перамовах 15 жніўня.

Стала вядома, хто цяпер узначаліць ХАМАС

Ізраіль гатовы першым нанесці ракетны ўдар па Іране

Ізраіль расказаў пра гібель другога лідара ХАМАС

Новы прэзідэнт Ірана прыняў прысягу пад скандаванне «Смерць Амерыцы і Ізраілю»

Nashaniva.com