На Запарожскай АЭС пажар
11 жніўня ў сеціве з’явіліся фота моцнага дыму на Запарожскай атамнай электрастанцыі. Спачатку Украіна сцвярджала, што на АЭС для панікі запалілі шыны, але потым Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што гэта быў пажар.
11.08.2024 / 22:29
Першым здарэнне пракаментаваў начальнік Нікапальскай РВА Яўген Еўтушэнка. На яго думку, гэта быў не пажар, а спроба запалохаць. Паводле яго слоў, вайскоўцы РФ, імаверна, падпалілі аўтамабільныя шыны ў ахаладжальных станцыях.
«Магчыма, гэта правакацыя або спроба стварыць паніку ў населеных пунктах на правым беразе былога вадасховішча», — напісаў ён.
Пазней з’явіўся каментар расійскага боку — гэта быў пажар, а ахаладжальныя сістэмы ЗАЭС нібыта загарэліся пасля абстрэлу УСУ Запарожскай вобласці, заявіў Яўген Баліцкі, кіраўнік акупацыйнай улады.
У цяперашні час, паводле яго слоў, усе 6 энергаблокаў станцыі знаходзяцца ў халодным супыне, пагрозы выбуху і іншых наступстваў няма, радыяцыйны фон вакол АЭС і горада Энергадара ў норме.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што на Запарожскай АЭС адбыўся пажар.
Ён апублікаваў здымкі, на якіх відаць, як над будынкам акупаванай Запарожскай АЭС падымаецца дым. Зяленскі сцвярджае, што гэта расійскія войскі зладзілі пажар на АЭС.
Ён таксама пацвярдзіў, што радыяцыйныя паказчыкі пакуль вакол АЭС у норме.
Пасля ўварвання ўкраінскіх войскаў у Курскую вобласць Расіі назіральнікі загаварылі, што мэтай Украіны можа быць захоп Курскай АЭС з тым, каб затым дамагчыся абмену яе на Запарожскую АЭС, крытычна важную для ўкраінскай энергасістэмы. Дэакупаваць яе наўпрост вельмі складана — яна стаіць за Дняпром, а на левым беразе расіяне абсталявалі магутную лінію ўмацаванняў.