Пачобут быў гатовы з'ехаць з Беларусі — Rzeczpospolita

«Ён моцна схуднеў, ён вельмі кепска выглядае, я яго не пазнала», — кажа Анжаліка Борыс, якая сустрэлася са зняволеным журналістам у красавіку.

12.08.2024 / 08:08

Анджэй Пачобут падчас судовага пасяджэння. Фота: sb.by 

Палітвязень Анджэй Пачобут быў гатовы з'ехаць з Беларусі. Пра гэта піша Rzeczpospolita са спасылкай на кіраўніка Саюза палякаў Анжаліку Борыс. Увесну яна мела магчымасць сустрэцца з Пачобутам, піша Reform.news.

«Я размаўляла з Анджэем дзве з паловай гадзіны. Наша размова тычылася становішча Саюза палякаў. І я, і Анджэй хочам, каб польскасць тут захавалася, каб мы маглі выкладаць польскую мову. Наша Польшча тут, на Нёмане. Ён быў рады, што мы ўсё яшчэ займаемся гэтым у гэтай складанай сітуацыі. Я папрасіла яго разгледзець магчымасць выезду з краіны, калі будзе такая магчымасць.

Сказаў мне так: калі ты лічыш, што так трэба паступіць, так зраблю. Па маёй просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну. Жыццё майго калегі для мяне важней за ўсё», — цытуе выданне Анжаліку Борыс.

Па словах Борыс, да гэтага яна напісала ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай сустрэцца з Пачобутам. Сустрэча адбылася ў красавіку.

«Ён выглядаў вельмі дрэнна. Маё сэрца разрывалася. Маральна ён адчувае сябе добра, але фізічна ён выглядаў вельмі дрэнна. Ён моцна схуднеў, я яго не пазнала. Пры ім яшчэ трымалася, але калі выйшла з турмы, проста заплакала», — дадала яна.

Па словах Борыс, падчас наведвання ёй дазволілі перадаць Пачобуту лекі. Менавіта пра сустрэчу з Пачобутам ішла размова падчас размовы Борыс і прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў сярэдзіне красавіку.

«Я неадкладна паехала ў Варшаву і дала гэтую інфармацыю прэзідэнту Анджэю Дуду. Я папрасіла перамоваў аб вызваленні Пачобута», — сказаў яна.

«Сёння для нас самае галоўнае, каб Анджэй Пачобут быў свабодны і здаровы. Астатняе — другаснае», — дадала яна.

У публікацыі выдання гаворыцца, што падзяліцца падрабязнасцямі сустрэчы з Анджэем Пачобутам яе заахвоціла тое, што ў Польшчы з'явіліся каментары пра ягонае нежаданне пакідаць Беларусь. Яна пацвердзіла, што вясной 2021 года, калі былі вызваленыя тры актывісткі польскай меншасці, яны разам з Пачобутам сапраўды не пагадзіліся пакінуць краіну. Аднак з тых часоў ужо прайшло больш за тры гады.

Саму Анжаліку Борыс выпусцілі з СІЗА ў сакавіку 2022 года. Пасля гэтага на знаходзілася пад хатнім арыштам. У красавіку мінулага года быў зняты хатні арышт.

У матэрыяле Rzeczpospolita таксама прыводзяцца словы жонкі Анджэя Пачобута Аксаны. Яна таксама адхіляе, што яе муж не згодны на выезд.

«Гэта трызненне, мой муж знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі і не мае магчымасці выказвацца», — сказала яна.

Выданне таксама звярнула ўвагу на праграму «Клуб рэдактараў», у якой Юрый Васкрасенскі заявіў, што беларускія ўлады былі гатовыя адпусціць Пачобута ў рамках нядаўняга абмену, але нібыта польскі бок адмовіўся.

«Нічога падобнага Лукашэнка не прапаноўваў», — пракаментаваў выданню міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семоняк.

«Гэта абсалютна няпраўда. Падчас расійска-амерыканскага абмену расійскі бок не прапанаваў уключыць Анджэя Пачобута. Вядома, амерыканцы даўно ведаюць, хто нам патрэбны, у тым ліку і Пачобут. Ужо некалькі месяцаў мы ўсяляк настойваем, просім і ціснем на вызваленні Анджэя Пачобута. Ніколі беларускі бок этга не прапаноўваў ні ў якой форме, ні наўпрост, ні ў рамках буйных міжнародных і двухбаковых абменаў», — скзаў міністр.

Новая легенда лукашэнкаўскай прапаганды: «Польшча адмовілася забіраць Пачобута»

«Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці вярнуцца» — польскія палітыкі

У Польшчы патлумачылі, чаму расійскага шпіёна Рубцова не абмянялі на Пачобута

Nashaniva.com