Беларусь адпусціла латвійцаў, затрыманых па падазрэнні ў правозе марыхуаны

Трое дзяўчат і малады чалавек ехалі на музычны фестываль у Браславе, але іх затрымалі ў пункце пропуску на мяжы.

12.08.2024 / 08:47

Скрыншот з ранейшага сюжэта па тэлебачанні

Латвійцы, якія былі затрыманыя ў канцы ліпеня гэтага года ў памежным пункце ў Беларусі ў выніку знойдзенага ў машыне пакеціка марыхуаны, вярнуліся дадому, з іх знялі ўсе падазрэнні, паведамілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Гаворка ідзе пра трох дзяўчат і маладога чалавека, якія ехалі ў Браслаў на фестываль. Падчас надгляду іх аўтамабіля ў памежным пераходзе беларускія памежнікі выявілі ў нішы паміж заднім сядзеннем і парогам невялікі пакет. Экспертыза паказала, што гэта марыхуана, вагой 0,82 грама.

У выніку была заведзена крымінальная справа аб незаконным правозе праз дзяржмяжу наркотыкаў групай асоб.

Па словах маладога чалавека, пакет хутчэй за ўсё выпусціў знаёмы, якога ён падвозіў незадоўга да сваёй паездкі ў Беларусь.

«У інцыдэнце хутка разабраліся. Цяпер чацвёра латвійцаў ужо на радзіме», — паведамілі ў эфіры дзяржтэлеканала.

Следчыя і эксперты праверылі пакет на наяўнасць на ім слядоў каго-небудзь з затрыманых, а таксама правялі аналіз на ўжыванне наркотыкаў усіх чатырох. Вынікі даследаванняў маладыя людзі чакалі ў гасцініцы пад падпіскай аб нявыездзе.

«Падчас правядзення экспертыз наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Беларусі, не выяўлена», — заявіў намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці Юрый Казлоў.

Nashaniva.com