Мікола Статкевіч сустракае свой 68-ы дзень народзінаў за кратамі
Гэта пяты дзень нараджэння запар у зняволенні. У снежні 2021 года яму далі 14 гадоў калоніі.
12.08.2024 / 09:26
«Мы прыкладна ў адзін час прыйшлі ў беларускую палітыку. Супольна падпісвалі звароты ў падтрымку Незалежнасці Беларусі. Разам арганізоўвалі Маршы Свабоды напрыканцы 90-х, ладзілі антырасейскія і праеўрапейскія пікеты, мітынгі. Не аднойчы сядзелі ў адным пастарунку, а ў 2010-м у суседніх камерах «Амерыканкі».
Разам з тым, мне прыходзілася не раз і не два выходзіць на вуліцу з партрэтам Міколы, каб у чарговы раз сказаць — Свабоду Статкевічу! І сёння гэта маё галоўнае віншаванне! Муры рухнуць, але ёсць моцнае жаданне каб Мікола, ды іншыя палітвязні, свой чарговы дзень народзінаў сустрэлі на волі, разам з тымі хто іх любіць і чакае!», — напісаў у сваім фэйсбуку экс-кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.
З лютага 2023 года — а гэта 550 дзён — пра яго нічога не чутна.
Міколу Статкекіча затрымалі 31 мая 2020 года, калі ён ехаў на Камароўку на пікет Святланы Ціханоўскай, і праз паўтара года асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.
Пакаранне адбывае ў Глыбоцкай калоніі.