З'явілася відэа, як польскія жаўнеры страляюць у бок нелегальных мігрантаў з Беларусі
Дакладныя дата і час падзей, што адбываюцца на відэа з мяжы, невядомыя.
12.08.2024 / 12:54
Скрыншот відэа з польска-беларускай мяжы, якое здымаў адзін з нелегальных арабамоўных мігрантаў, які прыйшоў з Беларусі
На відэа, якое 11 жніўня апублікаваў у сябе польскі партал Visegrád 24, бачная група нелегальных арабамоўных мігрантаў, якая трапляе ў Польшчу з Беларусі. У адказ на гэта польскія жаўнеры адкрываюць у бок мігрантаў агонь, спрабуючы адагнаць іх ад мяжы.
Відэа праглядзелі больш за мільён разоў.
Польская памежная служба пакуль ніяк не пракаментавала здарэнне, а апошняе паведамленне ведамства ў твітары (X) абвяшчае, што за перыяд 9-11 жніўня на мяжы з Беларуссю былі зафіксаваны амаль 190 спробаў нелегальнага пранікнення ў Польшчу. У бок польскіх патрулёў кідалі камяні і галінкі дрэў. 5 чалавек былі затрыманыя.
Варта адзначыць, што на польска-беларускай мяжы з сярэдзіны чэрвеня дзейнічае буферная зона, уведзеная Польшчай у адказ на забіццё нелегальнымі мігрантамі польскага жаўнера.
На фоне гэтага людзям, якія перасякаюць мяжу, сталі прыходзіць СМС-паведамленні ад Урадавага цэнтра бяспекі Польшчы на англійскай мове наступнага зместу: «Папярэджанне! ЗАБАРОНА на знаходжанне на тэрыторыі Польшчы паблізу мяжы з Беларуссю. Несанкцыянаванае перасячэнне забаронена. Салдаты могуць выкарыстоўваць зброю. Неадкладна вяртайцеся!»
Выкарыстанне баявой зброі для вырашэння праблемы нелегальнай міграцыі, паводле апошніх апытанняў, падтрымліваюць больш за 85% палякаў.
Цяпер польска-беларускую мяжу ахоўваюць 6 тыс. жаўнераў, а таксама 1,5 тыс. памежнікаў і супрацоўнікаў паліцыі.
Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы назваў тры ўмовы нармалізацыі адносін з Мінскам
Польскія памежнікі паказалі зброю мігрантаў на мяжы з Беларуссю
Беларусь адпусціла латвійцаў, затрыманых за правоз марыхуаны. Бо марыхуаны не было