Новы артыкул у Крымінальным кодэксе: да 6 гадоў за распаўсюд інфармацыі пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі
На Нацыянальным прававым партале з'явіліся прапановы ў Крымінальны кодэкс, распрацаваныя па загадзе Аляксандра Лукашэнкі.
12.08.2024 / 12:22
Разбітая калона расійскай тэхнікі ў Курскай вобласці. Фота «Камерсант»
Сярод іх з’яўленне новага артыкула:
«Артыкул 375-3. Несанкцыянаванае распаўсюджванне інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў».
Гэты артыкул будзе набываць сілу падчас правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, дзеянняў надзвычайнага альбо ваеннага становішча, але пры ўмове, што няма прыкмет дзяржаўнай здрады, шпіянажу ці разгалошвання дзяржаўнай таямніцы.
Распаўсюд інфармацыі будзе карацца штрафам, або арыштам, або хіміяй на тэрмін да 3 гадоў, або калоніяй на той жа тэрмін.
А вось калі дзеянне было здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове, або з карыслівых меркаванняў, або пацягнула цяжкія наступствы, то адказнасць павялічваецца — альбо хімія да 5 гадоў, альбо калонія да 6 гадоў.
Беларусаў караюць за распаўсюд інфармацыі пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі і цяпер. Але ім інкрымінуецца «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» — бо звычайна відэа з вайсковай тэхнікай перасылаюць у тэлеграм-каналы, а яны амаль усе прызнаныя экстрэмісцкімі.