Спачатку маўчанне, потым — бурная рэакцыя. Хто прымусіў Лукашэнку мітусіцца
Цягам трох дзён, падчас якіх разгортвалася вайсковая аперацыя ўкраінскіх узброеных сілаў у Курскай вобласці Расіі, улады Беларусі маўчалі. Не было афіцыйных заяваў. Дзяржаўныя медыя толькі транслявалі расійскі афіцыёз. Маўчаў і Аляксандар Лукашэнка. Але пасля працяглай паўзы гучна адрэагаваў, піша Валер Карбалевіч у сваім блогу на сайце Радыё Свабода.
12.08.2024 / 13:38
President.gov.by
Незвычайную актыўнасць праявіла МЗС, якое паспела за адзін дзень выступіць з асуджэньнем рэйду ўкраінскіх войскаў у Курскую вобласць, заявіць пратэст часоваму паверанаму ў справах Украіны і нават паскардзіцца у ААН і АБСЕ на ўкраінскія беспілотнікі.
Выбухнулі ўсе прапагандысцкія рэсурсы. Навыперадкі сталі каментаваць дзеянні Украіны дэпутаты.
Што адбываецца насамрэч? Найперш — ці была сапраўды атака беспілотнікаў з тэрыторыі Украіны на Беларусь? Украінскі бок гэта зняпраўджвае. Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», ніякіх дронаў з тэрыторыі Украіны ў гэтыя дні выяўлена не было, як не было ніякіх запускаў ракет са знішчальніка Су-30 або верталёта Мі-24 Узброеных сілаў Беларусі.
Таксама ўкраінская памежная служба заяўляе, што дадатковых беларускіх войскаў каля мяжы пакуль няма.
З усяго гэтага можна зрабіць наступныя высновы.
Найперш — здарыўся нейкі моцны штуршок, які прымусіў афіцыйны Мінск заўважна мітусіцца і актыўна дэманстраваць сваю падтрымку расійскаму саюзніку. І такім штуршком, відавочна, сталі не дакоры з боку расійскіх Z-блогераў, на якія Лукашэнка дасюль не надта рэагаваў. Можна меркаваць, што гэта быў нейкі моцны сігнал з вышэйшых расейскіх інстанцыяў. І сігнал такі, які нельга было праігнараваць.
Рэакцыя афіцыйнага Мінска на гэты сыгнал ці штуршок з Масквы выявілася даволі штучная. Выглядае, не было часу прыдумаць нешта больш рэалістычнае. Варта зьвярнуць увагу на пэўную разгубленасць палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Не было ўжо традыцыйнай нарады Лукашэнкі з кіраўнікамі сілавых ведамстваў.
10 жніўня Лукашэнка ў часе размовы з жыхарамі вёскі Гарадзішча Шклоўскага раёна заявіў: «Там ужо на мяжы неспакойна. Вось я павінен тэрмінова заўтра быць на месцы і разьбірацца з гэтымі праблемамі». Але назаўтра ён чамусьці не паехаў на беларуска-ўкраінскую мяжу, як анансаваў, а наведаў агракамбінат «Юбілейны» ў Аршанскім раёне.
Трэба адзначыць, што рэакцыя афіцыйнага Менску на падзеі вельмі дэманстратыўная. Шмат шуму, публічных дзеяньняў, разьлічаных на тое, каб гэта ўхвальна ўспрынялі ў Маскве.
Маўляў, мы перасоўваем да ўкраінскай мяжы дадатковыя войскі, адцяваем увагу вайскоўцаў Украіны, тым самым падтрымліваем расійскага саюзьніка. Таму не трэба нас папракаць.
Можна меркаваць, што гэтым усё і абмяжуецца. Імавернасць рэальнага ўдзелу беларускай арміі ў расійска-ўкраінскай вайне застаецца невысокай.
Лукашэнка: УСУ прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў у Курскай вобласці — 30-35 ужо сёння
Лукашэнка заявіў пра знішчэнне паветраных цэляў з Украіны над тэрыторыяй Беларусі
Хрэнін: «Паланэз» і «Іскандэр» атрымалі задачы на здзяйсненне маршаў на ўкраінскую мяжу
МЗС пагражае выгнаць з Беларусі пасольства Украіны
«Беларускі Гаюн» абвяргае інфармацыю Лукашэнкі пра збіты над Беларуссю ўкраінскі дрон