Дом творцаў у Варшаве аказаўся пад пагрозай закрыцця
Заснавальнік і кіраўнік Дома творцаў Сяргей Доўгушаў кажа, што крытычная сітуацыя ўзнікла раптоўна.
12.08.2024 / 14:12
«Нашыя партнёры скарацілі падтрымку. З верасня яны не могуць працягнуць арэнду. За два з паловай гады праз дом прайшло больш за 300 творцаў у складанай сітуацыі, у нас і зараз жыве дзве сям’і, а да новага года запланаваныя некалькі рэзідэнцый і выстаў. Мы, здаецца, адзіная ініцыятыва, якая дапамагае менавіта пацярпелым людзям мастацтва», — расказаў ён парталу «Будзьма».
Заснаваў Дом творцаў у Варшаве ў снежні 2021 года Сяргей Доўгушаў, беларускі спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф, выкладчык, арт-менеджар, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход», заснавальнік і кіраўнік Установы развіцця традыцыйнай беларускай культуры «ЭтнаТрадыцыя» (Tradycyja), заснавальнік Варшаўскага Вольнага Аркестра, сольны выканаўца і ўдзельнік гуртоў Fratrez, Vuraj, Five-Storey Ensemble, TryNići (Беларусь), Isna Trio (Польшча), Slavalachia (ЗША).
Дом творцаў — гэта не шэлтар, падкрэслівае Сяргей Доўгушаў. Так, творцы з Беларусі могуць прыехаць сюды, каб пажыць пэўны перыяд, атрымаць псіхалагічную дапамогу, але і папрацаваць, сустрэцца з аднадумцамі, пракансультавацца наконт рэалізацыі праектаў, прадэманстраваць публіцы вынікі працы і г. д.
Зусім нядаўна Дом творцаў аб’явіў пра спробу сістэмнага прасоўвання беларускага выяўленчага мастацтва на міжнародным узроўні, але ў адзін момант паўстала пагроза існаванню ўласна самой ініцыятывы дапамогі беларускім творцам у цяжкіх абставінах.
«Калі мы тэрмінова не знойдзем сродкі, мы будзем вымушаны спыніць дзейнасць Дома творцаў ужо ў найбліжэйшы месяц, — кажа Сяргей Доўгушаў. — За два з паловай гады наш Дом у Варшаве стаў бяспечным надзейным месцам для рэабілітацыі, аднаўлення сіл рэпрэсаваных беларускіх творцаў. Мы стварылі прастору, у якой дапамагалі мастакам, музыкам, акторам і іншым творцам вяртацца ў прафесію, аднаўляць сваю дзейнасць у бяспечных умовах, абменьвацца досведам і папраўляць сваё здароўе пасля перажытых траўмаў.
Гісторыя Дома творцаў у Варшаве — гэта 8 культурных рэзідэнцый, праз якія прайшлі больш за 300 чалавек з Беларусі. Для паловы з іх Дом стаў часовым месцам пражывання і творчасці. Тут жа праходзілі канцэрты, выставы, адкрытыя лекцыі і іншыя мерапрыемствы, ствараліся праекты, якія падтрымлівалі і развівалі беларускую культуру за мяжой».
Сяргей Доўгушаў у інтэрв’ю Budzma.org кажа, што «наша ініцыятыва творцаў заўсёды працавала з рознымі донарамі, фондамі, спонсарамі». «Планавалася фінансаванне да канца года, але адбылося скарачэнне падтрымкі. Таму мы вельмі аператыўна вырашаем, што нам рабіць далей. Бо былі і планы на рэзідэнцыі і выставы да канца года, ды і ў нашым Доме жывуць і па сёння рэпрэсаваныя творцы, якім, атрымоўваецца, трэба будзе ісці на вуліцу. Гэта складана ўсё, тым больш, столькі ўсяго ўжо зроблена. На сёння ў Доме захоўваецца і шмат твораў мастацтва, якія засталіся пасля працы рэзідэнцый. Ідзём зараз на такі крок — звяртаемся да людзей па дапамогу».
Паводле слоў Сяргея Доўгушава, Дом творцаў ужо сутыкаўся з падобнай сітуацыяй: «Калі пачалася вайна ва Украіне, то, як вядома, таксама беларускія праекты сталі, так бы мовіць, для шэрагу партнёраў «не ў тэму», нам казалі: няма зараз магчымасцяў для вас — і мы тэрмінова пачыналі шукаць выйсце з такой гісторыі. Запусцілі збор, сабралі за два месяцы, нас падтрымалі, нават былі такія гісторыі, што месяц аплочвалі самі рэзідэнты, што жылі ў Доме, ды і я, калі яшчэ працаваў таксістам у ЗША, таксама закладаў нейкія свае грошы. Але выйшлі з той сітуацыі. Агулам тэндэнцыя такая, што падтрымка культуры — гэта заўсёды няпростая рэч, тым больш беларускай культуры».
Аплата Дома творцаў — арэнда і камунальныя плацяжы — цягне на 13 000 злотых (крыху больш за 3000 еўра) на месяц. «Грошы патрэбныя з верасня. Абвесцілі збор на 40 000 злотых, каб у нас было некалькі месяцаў на пошук сталага фінансавання, думаю, гэта атрымаецца, бо нас шмат хто падтрымліваў раней. Зараз у Доме жывуць людзі таксама, дзве сям’і, прыедуць яшчэ мастакі, тэатралы. Заўсёды на такой ідэі грунтаваліся — каму тэрмінова патрэбна (асабліва пасля раптоўнай эвакуацыі з Беларусі), то можна прыехаць і пажыць тут ад аднаго да двух месяцаў бясплатна, займацца творчасцю пад дахам над галавой», — кажа Сяргей Доўгушаў.
«Ёсць розныя ініцыятывы дапамогі пацярпелым, але, здаецца, дапамогай рэпрэсаваным творцам у рэгіёне займаемся мы адны. Мы мусім ім дапамагчы, асабліва тым, хто экстрана з’ехаў, апынуўся ў цяжкой сітуацыі. Гэта добры падмурак для творцаў, можна спыніцца, агледзецца, займацца сваім, а не ісці адразу на грузчыка, кур’ера і г. д. Я сам як творца гэтую сітуацыю вельмі добра разумею. Зараз, што праўда, часу на ўласна сваю творчасць значна паменела, шмат арганізатарскай працы, ды вось такога — неспадзяванага», — зазначае заснавальнік Дома творцаў.
Сяргей Доўгушаў ад сябе і ўсёй каманды Дома творцаў заклікае «ўсіх сяброў і ўсіх, каму мы дапамаглі раней, падтрымаць нас у гэты крытычны момант, любая падтрымка і распаўсюд інфармацыі маюць вялікае значэнне».
Падтрымаць збор можна па спасылцы.
Падтрымаць можна таксама праз набыццё карцін рэзідэнтаў Дома творцаў па спасылцы.