Пачынаюць судзіць бацьку палітвязня Мікіты Залатарова. Яму пагражае да сямі гадоў калоніі за падтрымку сына

Справу вёў гомельскі КДБ.

12.08.2024 / 16:01

Міхаіл Лапуноў. Фота: «Белсат»

Бацьку Мікіты Залатарова клічуць Міхаіл Лапуноў. Яму 54 гады, жыў у Гомелі.

Ягоны сын Мікіта Залатароў — адзін з самых маладых палітвязняў. Ён трапіў за краты ў жніўні 2020-га ва ўзросце 15 гадоў. Падчас затрымання яго моцна збівалі, нягледзячы на тое, што хлопец хворы на эпілепсію. Мікіту абвінавачвалі ў тым, што ён «кінуў бутэльку з вадкасцю з характэрным пахам бензіну ў бок супрацоўнікаў міліцыі».

Мікіта Залатароў. Фота «Радыё Свабода»

Мікіту спачатку далі пяць гадоў калоніі, у 2021-м судзілі яшчэ раз за «напад на супрацоўніка калоніі» і дадалі яшчэ каля года зняволення. У 2022-м Мікіту перавялі на строгі рэжым у турму Жодзіна. А месяц таму судзілі за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» і маглі дадаць яшчэ да двух гадоў калоніі.

Міхаіл увесь час падтрымліваў Мікіту. Ён даваў інтэрв'ю, дзе распавядаў пра цяжкія ўмовы, якія стваралі для сына, хадзіў на суды над ім і стараўся зрабіць яго побыт у калоніі лепшым.

Міхаіл Лапуноў. Фота: Белсат

Бацьку ўпершыню затрымалі 8 жніўня 2023 года і прысудзілі 15 сутак арышту. Пасля гэтага яго перазатрымлівалі сем разоў запар. На сутках ён адбыў больш за 100 дзён.

Пакуль Міхаіл Лапуноў быў за кратамі, закрыты чат «Гомель за Мікіту Залатарова», у якім абмяркоўвалася падтрымка для Мікіты, прызналі па рашэнні КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем.

Міхаіла Лапунова перазатрымалі праз пару тыдняў пасля вызвалення з сутак. Стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА №3 у Гомелі.

Суд над Міхаілам пачнецца 22 жніўня 2024 года ў Гомельскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 арт. 361 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Вядома, што справу супраць мужчыны вяло Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці.

Судзіць Міхаіла яго будзе Алеся Осіпава — суддзя, якая выносіць палітычныя прысуды з 2017-га года, з часоў маршаў недармаедаў у Гомелі.

Алеся Осіпава. Фота: «Дзікае паляванне»

17-гадовага Мікіту Залатарова з Гомеля пакаралі 5 гадамі выхаваўчай калоніі за «масавыя беспарадкі»

Палітзняволеную маму блогеркі Вольгі Такарчук пачнуць судзіць 1 жніўня

Затрыманых некалькі соцень, некаторым пасля допытаў не вяртаюць пашпарты. Падрабязнасці аблавы на салідарных з палітвязнямі

Nashaniva.com