Названа лічба збітых украінскіх дронаў у небе над Беларуссю. Яна ўражвае
СПА Беларусі 9 жніўня збіла над Магілёўскай вобласцю 13 беспілотнікаў, якія ляцелі з Украіны. Такую інфармацыю ў эфіры БелТА агучыў намеснік начальніка факультэта Генштаба Ваеннай акадэміі Беларусі Андрэй Багадзель.
12.08.2024 / 16:36
Намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Андрэй Багадзель знайшоў дзіўную прычыну для нібыта атакі ўкраінскіх беспілотнікаў па тэрыторыі Беларусі.
«Тыя падзеі, якія адбыліся ў нашай паветранай прасторы — 13 беспілотнікаў, якія былі збітыя непасрэдна над Касцюковічамі, — гэта інфармацыйны пасыл, які павінен быў паказаць Рэспубліку Беларусь у зусім непрывабным выглядзе. Проста паказаць, што Украіна — яна беспакараная», — заявіў Багадзель.
Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 9 жніўня 2024 года падчас вылетаў авіяцыі УС РБ ніякіх дронаў выяўлена не было. Таксама не было ніякіх запускаў ракет са знішчальніка СУ-30 або верталёта Мі-24.
«Беларускі Гаюн» робіць выснову, што інфармацыя Лукашэнкі пра збітыя ўкраінскія дроны над Беларуссю «з'яўляюцца звычайнай лухтой».
Менавіта на падставе нібыта збітых дронаў Лукашэнка загадаў узмацніць групоўку беларускай арміі на мяжы з Украінай.
10 жніўня на тэлеканале АНТ з'явілася відэа ад Міністэрства абароны Беларусі з рэшткамі, як сцвярджаецца, збітых украінскіх беспілотнікаў.