Абвінавачаны ў забойстве і разбоі ў мінскім пункце абмену валют прыгавораны да 24 гадоў калоніі

Абвінавачаны ў жорсткім забойстве і разбоі ў сталічным пункце абмену валют у 2009 годзе прыгавораны да 24 гадоў калоніі, перадае БЕЛТА.

12.08.2024 / 17:29

У снежні 2009 года 49-гадовы Аляксандр Дударчык трапіў у памяшканне пункта абмену валют і не менш за 19 разоў ударыў нажом банкаўскую работніцу.

Пацярпелая — 20-гадовая Таццяна Пятрова — памерла на месцы. 

Абвінавачаны завалодаў грашыма банка ў буйным памеры ў суме не менш як 32 млн недэнамінаваных рублёў, што на момант злачынства склала больш за 940 базавых велічынь.

Ключавой зачэпкай да раскрыцця рэзананснай крымінальнай справы аб забойстве і разбоі стала генетычная экспертыза.

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла для мужчыны 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Віна Дударчыка ў забойстве з асаблівай жорсткасцю і разбоі цалкам даказаная», — заявіла дзяржаўны абвінаваўца.

У судзе выступіла і маці забітай дзяўчыны, якая папрасіла суд пры прызначэнні пакарання Дударчыку ўлічыць, што ён па-зверску пазбавіў жыцця яе дачку.

У сваю чаргу адвакат Дударчыка, выступаючы ў спрэчках, пераконваў суд у тым, што ў абвінавачанага не было намеру забіваць дзяўчыну.

Па словах абаронцы, Дударчык не схільны да гвалтоўных дзеянняў і яго ў пэўнай ступені справакавала тое, што ахвяра праявіла смеласць і аказала супраціў.

«Ён усведамляе жах здзейсненага», — сказала адвакат.

Мужчыну затрымалі, калі ён ішоў на працу, амаль праз 15 гадоў. 

З улікам прадстаўленых доказаў абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 24 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суд таксама спагнаў кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелых — бацькоў забітай дзяўчыны — у агульнай суме 100 тысяч рублёў.

Nashaniva.com