Закончыўся суд па рэзананснай справе за «падрыхтоўку акта тэрарызму» на Дзень Перамогі
Скончыўся суд над беларусамі, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту на Дзень Перамогі. Працэс праходзіў у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме.
12.08.2024 / 18:54
Валер Водзін
Судзілі пяць чалавек: 25-гадовага Валера Водзіна (завочна), Андрэя Грыгор'ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Іх абвінавачвалі ў тым ліку ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «падрыхтоўцы да акту тэрарызму» (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 КК), паведаміў ПЦ «Вясна».
Праваабаронцам стала вядома, што 25-гадовага Валера Водзіна судзілі ў парадку спецвытворчасці і прызначылі 20 гадоў калоніі і буйны штраф у памеры 600 базавых велічынь (24 000 рублёў). Пакаранні яшчэ чатыром фігурантам высвятляюцца.
15 траўня 2023 года на АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм «Забойная пасылка» смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі».
Там паведамлялася, што нібыта КДБ да Дня перамогі 9 траўня 2023 года «прадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева». Па версіі АНТ, выбухоўка знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі.
Арганізатарам акцыі назвалі беларуса Валерыя Водзіна, які ў пачатку лютага 2023 года выехаў ва Украіну і далучыўся да добраахвотнікаў у Палку Каліноўскага. Хлопец нібыта перасылаў у Беларусь настольныя электрапліты, каб з іх выкарыстаннем здзейсніць «тэракт на 9 траўня».
Забраць і схаваць іх ён прасіў сваіх знаёмых, якіх затрымалі.
Сцвярджалася, што Водзін атрымаў заданне ад Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
Агулам цяпер усіх судзілі паводле шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве);
ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму);
ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу);
ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім);
ч. 2 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржмяжу Беларусі боепрыпасаў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі).
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Сяргей Хрыпач, вядомымі сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах.