У МЗС Беларусі быў запрошаны дыпламат ЕС з-за парушэння нашай паветранай прасторы. Вы не здагадаецеся, пра што размова

У МЗС быў запрошаны павераны ў справах Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Стэн Нерлаў.

12.08.2024 / 19:12

У сувязі з парушэннем паветранай прасторы Беларусі 9 жніўня ўкраінскімі БПЛА да еўрапейскага дыпламата даведзена пазіцыя беларускага боку па гэтым пытанні, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Па версіі беларускага боку, на ўкраінскім дроне, якія нібыта збілі над Беларуссю, была маркіроўка ЕС. 

«Асабліва была адзначана наяўнасць маркіроўкі вытворцаў краін ЕС на шэрагу элементаў аднаго са збітых беларускімі сіламі СПА беспілотнікаў, — праінфармавалі ў МЗС. — Акцэнтавана, што такія дзеянні нясуць патэнцыял радыкальнай эскалацыі ваеннага канфлікту, у тым ліку на краіны ЕС».

У МЗС паведамілі, што «Беларусь, якая нязменна выступае за мірнае ўрэгуляванне крызісу шляхам перагавораў, заклікае Еўрасаюз прыняць усе магчымыя меры свайго ўплыву на ўкраінскае кіраўніцтва з мэтай прадухілення такіх дзеянняў у далейшым», піша БелТА. 

Nashaniva.com