Стала вядома, колькі беларусаў лічыць сябе вернікамі
Пра вынікі рэспубліканскага сацыялагічнага апытання, праведзенага ў ліпені 2024 года Цэнтрам сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ, піша БелТА.
12.08.2024 / 22:40
Згодна з сацдаследаваннем, вераць у Бога 55,6% рэспандэнтаў. Не змаглі адказаць на гэтае пытанне адназначна 24,3% рэспандэнтаў. Вераць у звышнатуральныя сілы 6,6% апытаных. Не лічаць сябе вернікамі 12,4% апытаных.
На пытанне «Рэлігія для вас — гэта перш за ўсё…» 27,5% рэспандэнтаў адказалі «спосаб зносін з Богам, вышэйшымі сіламі».
Адказ «суцяшэнне ў цяжкую хвіліну» далі 25,5% апытаных.
Рэлігію спадчынай продкаў, традыцыямі, якія дапамагаюць падтрымліваць сувязь з роднай культурай, лічаць 24,2%.
Тым, што аб'ядноўвае людзей, лічаць рэлігію 20% апытаных, спосабам разумення свету, крыніцай адказаў на пытанні аб сэнсе жыцця — 14,6%, крыніцай маральных арыенціраў — 13,9%.
Лічаць, што рэлігія — перажытак забабонаў, стэрэатыпаў, міфічных уяўленняў аб свеце — 7,7% рэспандэнтаў, тым, што раз'ядноўвае грамадства, — 2,1%.
Большасць з апытаных — 73% — лічаць сябе праваслаўнымі, 9,5% — каталікамі, пратэстантамі — 0,7%. Да мусульманаў сябе адносяць 0,3%, да іўдзеяў — 2,2%.
Ні да якой рэлігіі сябе не адносяць 14,3% апытаных.