Шматдзетную маці, чый сын — палітвязень, судзяць па крымінальнай справе. Ёй пагражае да 7 гадоў
Гаворка пра Наталлю Давыдуліну, маці былога палітвязня Дзяніса Давыдуліна. Яе затрымалі падчас рэйда на салідарных з палітвязнямі ў студзені 2024-га. Хутчэй за ўсё, «віна» жанчыны ў тым, што яна дапамагала іншым.
13.08.2024 / 06:31
Наталля Давыдуліна. Фота з яе старонкі ў Аднакласніках
Наталлі Давыдулінай 47 гадоў, яна са Жлобіна. З сацсетак Наталлі вядома, што ў іх з мужам вялікая сям'я — пяцёра дзяцей, з якіх адна дачка яшчэ ў малодшай школе.
Адзін з сыноў Наталлі, Дзяніс Давыдулін — былы палітвязень. Яго затрымалі ў сакавіку 2021-га і прысудзілі паўтара года калоніі за тое, што ў ноч на 10 жніўня ён «выходзіў на праезную частку і аказваў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». 19-гадовы хлопец адбываў пакаранне ў адной з самых суворых калоніяў Беларусі — №1 у Наваполацку, дзе цяпер знаходзіцца Віктар Бабарыка.
Дзяніс вызваліўся 8 ліпеня 2022. З таго часу пра яго нічога невядома, але на момант затрымання маці ён быў у Беларусі, калі меркаваць па яе сацсетках (на вадохрышча яны выкладалі сямейнае фота).
Мала вядома і пра Наталлю. Яна ніколі не давала інтэрв'ю медыя. З раскладаў судоў вядома, што яе судзілі 24 студзеня 2024 за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Імаверна, яе затрымалі падчас аблавы на салідарных з палітвязнямі.
Суд пачнецца 23 жніўня ў Гомельскім абласным судзе.
Жанчыну вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). З фармулёўкі СК наконт пенсіянеркі Наталлі Малец з Брэста, якой прысудзілі тры з паловай гады калоніі за пераводы палітвязням з уласнай пенсіі, зразумелая логіка лукашэнкаўскіх кадэбэшнікаў, якія вялі такія справы. Маўляў, калі ты дапамагаў толькі «экстрэмістам», значыць ты з імі заадно, а, значыць, усведамляў «экстрэмісцкую сутнасць злачынства». Рэальная адпаведнасць закону мала цікавіць следства.
Такім чынам, хутчэй за ўсё, Наталлю вінавацяць у нейкай дапамозе іншым зняволеным. Вядома, што падчас студзеньскай аблавы пакінулі за кратамі ў асноўным тых, хто дапамагаў іншым — рабіў пераводы і пасылкі ў СІЗА ды калоніі, нават на вельмі дробныя сумы.
Пенсіянерцы з Брэста далі тры з паловай гады калоніі за дапамогу палітвязням
Былая палітзняволеная: Мая сям'я патраціла за два гады $10 тысяч на адвакатаў і перадачы для мяне