У Мазыры выракліся ўкраінскіх назваў катлет. Былі «Кіеўскія», сталі «Смачныя з масліцам»
Карыстальніца TikTok выклала відэа, у якім распавяла, што ў фірмовых крамах Мазырскага дзяржаўнага саўгаса-камбіната змянілі звыклыя назвы паўфабрыкатаў катлет, заўважыў «Флагшток».
13.08.2024 / 12:37
— Забегла ў «Дары ад Зары», усе катлеты перайменавалі. Цяпер «Палтаўскія» — гэта не «Палтаўскія», «Кіеўскія» — гэта не «Кіеўскія», — сказала Таццяна і паказала цэннікі, на якіх ранейшыя «Палтаўскія» катлеты названыя «Далікатнымі», а «Кіеўскія» — «Смачнымі з масліцам».
Іншыя карыстальнікі ў каментарах адзначылі, што разам з перайменаваннем трохі паднялі кошт, звязалі перайменаванне з тым, што «Зара», магчыма, гандлюе з Расіяй, некаторыя заявілі, што агулам у фірмовых крамах саўгаса «стала пуста».
Фота: Жыццё Палесся
«Флагшток» датэлефанаваўся ў адну з крамаў прадпрыемства. Там пацвердзілі, што назву катлет змянілі:
«Не ведаю, чаму. Тыдні два таму ў кіраўніцтве так вырашылі чамусьці. Але састаў цалкам застаўся той жа», — адказалі ў краме.