Вывозяць цэлымі вёдрамі і нават багажнікамі. На Гродзеншчыне неверагодны грыбны бум
Аднак, нягледзячы на вялікі ўраджай, цэны на рынках усё яшчэ высокія.
13.08.2024 / 14:29
Фота: Newgrodno.by
У лясах пад Гроднам на выходных было літаральна не праціснуцца, а дзе-нідзе на лясных дарогах збіраліся нават заторы. Але гэта не перашкодзіла людзям сабраць вялікі ўраджай.
Бралі ў асноўным баравікі. Такога не было даўно. У гэтым сезоне белыя рэзка сталі расці літаральна ўсюды: у старых лясах, у маладняках, у лісцяных і хваёвых пасадках.
Фота: Newgrodno.by
Грыбоў вельмі шмат. Звычайны паход у лес завяршаецца поўнымі вёдрамі і кошыкамі. Хтосьці рабіў некалькі заходаў: як вынік — поўны багажнік.
Фота: Newgrodno.by
Парэчча ж, як і звычайна, стала месцам паломніцтва для тых, хто любіць лісічкі. Гэтых грыбоў у лясах таксама дастаткова. На рынках і ў сацсетках дастаткова прапаноў і аб продажы грыбоў. Хтосьці нават абяцае прадаць з дастаўкай. Але не варта думаць, што нябачаны ўраджай у лесе збіў цану на грыбы. Гэта па-ранейшаму дарагі тавар.
Фота: Newgrodno.by
Напрыклад, маленькія маладыя баравічкі прадаюць па 25 рублёў за кіло. За 15 рублёў гатовыя аддаць вялікія грыбы.
Фота: Newgrodno.by
Фота: Newgrodno.by
Фота: Newgrodno.by
На лісічкі роскід цэн крыху большы. Ёсць варыянты ў раёне 7-10 рублёў за кілаграм.