П'яны аўтамыйшчык скраў Tesla і зладзіў масавае ДТЗ у Мінску

Паводле папярэдняй інфармацыі, сёння ноччу каля 1:40 кіроўца аўтамабіля Tesla каля дома №52 на вуліцы Якубоўскага ў Мінску здзейсніў наезд на пяць прыпаркаваных аўтамабіляў.

13.08.2024 / 19:00

Паводле выдання «Мінск-Навіны», 26-гадовы аўтамыйшчык быў п'яны.

Ён скраў аўтамабіль Tesla, які ўладальнік пакінуў на СТА для комплекснага абслугоўвання.

На машыне хлопец паехаў да сваёй дзяўчыны ў госці, але абраў высокую хуткасць і не справіўся з кіраваннем. Ён пратараніў пяць машын, што стаялі прыпаркаваныя каля дарогі. Пасля гэтага Tesla перакулілася.

Хлопец выбраўся з салона і пакінуў месца здарэння. Ён збіраўся схавацца ў сваёй дзяўчыны, але тая яго не прыняла. Тады ён паехаў да бабулі, дзе яго і затрымалі аператыўнікі.

Вядома, што права кіравання ў яго не было.

Пацярпелых у ДТЗ няма.

Nashaniva.com