На Марсе знайшлі падземны акіян. Яго памеры велізарныя

Калі ваду ўдасца вызваліць, то яна можа пакрыць усю паверхню чырвонай планеты.

15.08.2024 / 20:39

Ілюстрацыйная выява Марса. Крыніца: vecteezy

У трэшчынах расколатых вулканічных парод Марса былі зафіксаваныя велізарныя масівы вады ў вадкім стане. Гэта падземны акіян планетарнага маштабу, паведаміла каманда даследчыкаў з ЗША ў буйным часопісе Physics World.

Навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі і Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Дыега пры дапамозе сейсмічнага марсіянскага зонда InSight высветлілі, што ў нетрах Марса на глыбіні ад 10 да 20 кіламетраў з высокай верагоднасцю захаваны гіганцкі рэзервуар з вадкай вадой, які ўтварыўся там за мільярды гадоў у выніку астуджэння планеты, страты атмасферы і зацвярдзення вулканічнай магмы.

Гэта сведчыць пра тое, што на Марсе ў мінулым дакладна існавалі рэкі, азёры і моры, але потым частка вады выпарылася і паляцела ў космас разам з атмасферай планеты. А рэшткі вады пайшлі пад паверхню.

Калі вызваліць знойдзеныя масівы вады, то яна пакрые ўвесь Марс адзіным велізарным акіянам з глыбінёй у 1—2 кіламетры. Аднак падобная мэта пакуль застаецца недасяжнай, бо для гэтага ў марсіянскай глебе трэба зрабіць свідравіну ў 10-12 кіламетраў, што і на Зямлі з'яўляецца звышцяжкім заданнем, падкрэсліваюць навукоўцы.

Даследчыкі пры гэтым дадаюць, што іх адкрыццё паказвае на магчымасць існавання разнастайных мікробных арганізмаў у глыбокіх нетрах Марса.

Навукоўцы знайшлі на Месяцы пячору. Яны спадзяюцца, што ў ёй калі-небудзь паселяцца астранаўты

Амерыканскія астранаўты завіслі на арбіце і не могуць вярнуцца дадому

Беларускі навуковец, чые здымкі публікуе NASA — пра астрапейзажы, галактыку Андрамеды, «зорку Венеру» і касмічныя краявіды на Крыце 

Nashaniva.com