«Хто гэты малады чалавек?» Мясніковіч распавёў, як ва ўладзе загарэлася зорка Крутога

Міхаіл Мясніковіч напісаў другую кнігу мемуараў «Справы, падзеі, людзі: уласнае меркаванне». Сярод іншага ён расказвае, пры якіх абставінах стаў заўважны цяперашні фаварыт Лукашэнкі Дзмітрый Круты. Гісторыю пераказвае «Люстэрка».

13.08.2024 / 21:35

Дзмітрый Круты. Фота: «Наша Ніва»

Мясніковіч узгадвае пра «рэканструкцыю, а фактычна новае будаўніцтва прадпрыемстваў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці», якое мела месца ў нулявыя і дзясятыя гады.

Чыноўнік прызнаецца, што «ў міністэрствах, якія маюць дачыненне да гэтых будоўляў, было прахалоднае, мякка кажучы, стаўленне, і луналі сумневы ў мэтазгоднасці такога маштабнага будаўніцтва».

Паводле яго слоў, «на аб'ектах літаральна «віселі» кантралёры, на высокія сталы клаліся запіскі аб памылковасці такой маштабнай мадэрнізацыі галіны, рэкамендавалася закансерваваць будоўлі з нізкай гатоўнасцю». Але вышэйшае кіраўніцтва (а, значыць, і сам Мясніковіч, які тады быў прэм'ерам) лічыла інакш.

Апарат супраціўляўся, і таму асаблівую каштоўнасць набывалі чыноўнікі, якія выказвалі сваю падтрымку праекту.

«У працэсе рэалізацыі праграмы дрэваапрацоўкі праявілі сябе многія кадры. На шэрагу планерак я звярнуў увагу на сур'ёзнага і ўдумлівага прадстаўніка Мінэканомікі. Ягоныя выказванні і прапановы былі вельмі актуальнымі і канструктыўнымі. Хто гэты малады чалавек? Гэта быў начальнік аднаго са структурных падраздзяленняў Мінэканомікі Дзмітрый Мікалаевіч Круты. Мы пазнаёміліся бліжэй, сталі працаваць ужо. Дзмітрый Мікалаевіч зрабіў вельмі шмат карыснага для будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў перапрацоўкі», — пісаў Мясніковіч.

Так, калі верыць Мясніковічу, пачалося ўзыходжанне ў беларускай палітыцы Дзмітрыя Крутога, які пасля стаў віцэ-прэм'ерам, міністрам эканомікі, першым віцэ-прэм'ерам, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, паслом у Расіі, а гэтым летам узначаліў усё тую ж адміністрацыю.

Nashaniva.com