Распавядаем, як накручваюць галасы ў анлайн-апытанках і колькі гэта каштуе

У галасаванні ў тэлеграм-канале «Нашай Нівы» адбылася накрутка. У апытанне наконт таго, хто мог бы быць лідарам дэмакратычных сілаў Беларусі ўкінулі галасы і рэакцыі, моцна сказіўшы рэзультат. А колькі гэта каштуе? І чаго ўвогуле вартыя анлайн-апытанкі? Тлумачым.

14.08.2024 / 09:00

Фота: publicdomainpictures.net

Па нашых ацэнках, у апытанцы, датычнай новага магчымага лідара дэмакратычных сілаў Беларусі, былі штучна накручаныя 3000 галасоў. 2000 з іх дадаліся за кандыдатуру Паўла Латушкі, 1000 — за Андрэя Ягорава.

Апроч таго, пад апытанкай з'явілася амаль на 2000 дадатковых рэакцый больш, чым было б у звычайнай сітуацыі. 

Для эксперыменту мы пашукалі сэрвісы, якія прапаноўвалі накруціць галасы.

Кошт накруткі, калі трэба «закінуць» 1000 галасоў у тэлеграм-галасаванне — усяго ад двух даляраў. У іншых сацсетках цэны іншыя, самы танны твітар — менш за даляр за 1000 галасоў. Рэакцыі ў тэлеграме яшчэ таннейшыя — 40 цэнтаў за 1000 штук. Такім чынам, каштуе гэта зусім капейкі.

Плаціць можна карткай любога банка, у большасці папулярных расійскіх сэрвісаў аплата замежнай карткай ідзе праз шлюзы ў краінах, якія мяжуюць з Расіяй, але не знаходзяцца пад санкцыямі. Можна плаціць і крыптавалютай, і беларускімі карткамі.

Такім чынам, вартасць анлайн-апытанняў у тэлеграме ды іншых сацыяльных медыя невялікая. Любы ахвотны ў любой краіне свету можа сапсаваць іх вынікі, калі мае пару даляраў і жаданне. А за 20 даляраў можна ўвогуле штучна сканструяваць вынікі апытання нават у буйной суполцы.

А за большыя сумы можна ўвогуле рабіць што хочаш — напрыклад, за 300 даляраў можна было б накруціць не менш за 175 тысячаў галасоў у тэлеграме або 450 тысячаў галасоў у твітары. Таму давярайце толькі надзейным крыніцам і будзьце пільныя.

Нават праўладны канал абурыўся накруткай падпісчыкаў прапаганды ў ютубе. Глядзіце на лічбы

Як 398 еўра ператварыліся ў 5 мільёнаў. Справа Апсіта: каму і чаму падыгралі расследавальнікі?

Каб распаўсюдзіць фэйк пра жонку Зяленскага, расіяне стварылі фальшывы французскі СМІ

Nashaniva.com