Германія выдала ордар на арышт падазраванага ў падрыве «Паўночнага патоку». Абвешчаны ў вышук Volodymyr Z
Нямецкая пракуратура выдала ордар на арышт украінца з-за падрыву «Паўночнага патоку» ў Балтыйскім моры, паведамляе нямецкі вяшчальнік ARD. Паводле версіі следства, ён нібыта апошнім часам знаходзіўся ў Польшчы.
14.08.2024 / 10:04
Таксама падазраюць яшчэ двух грамадзян, аднак іх імёны не выдаюць. ARD піша, што яны, верагодна, удзельнічалі ў падрыве ў якасці дайвераў.
44-гадовага Уладзіміра Жураўлёва высачылі нямецкія следчыя пасля таго, як аўтамабіль, у якім ён ехаў, трапіў на камеру кантролю хуткасці недалёка ад порта, адкуль адплыло судна «Андрамеда» — як мяркуецца, з дыверсантамі, піша Expressen. Жураўлёў жыве з сям'ёй у прыгарадзе Варшавы, але з'яўляецца грамадзянінам Украіны. Прапісаны ён у Кіеве.
Два іншыя падазраваныя, мужчына і жанчына, таксама з'яўляюцца грамадзянамі Украіны і разам кіруюць дайвінг-кампаніяй ва Украіне, з якой звязаны Жураўлёў. Па даных следства, ва ўсіх ёсць неабходныя кваліфікацыя і рыштунак, а таксама ліцэнзіі на дайвінг са спецыяльным абсталяваннем.
У канцы чэрвеня Германія накіравала Польшчы запыт аб прававой дапамозе і еўрапейскі ордэр на арышт. Але польскія ўлады дагэтуль не адрэагавалі на гэты запыт, і, як паведамляецца, Жураўлёў схаваўся.
У сакавіку 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на пытанне «Суспільнага» заявіў, што Украіна не датычная да падрыву газаправодаў. Паводле яго слоў, такую інфармацыю могуць распаўсюджваць, каб запаволіць дапамогу Украіне.
Імаверны Volodymyr Z (Volodymyr Zhuravlov — Уладзімір Жураўлёў)
У лістападзе 2023 года газета The Washington Post апублікавала артыкул, у якім пісала, што каардынаваў падрыў газаправода нібыта ўкраінскі афіцэр Чарвінскі, якога ва Украіне абвінавачваюць у дачыненні да абстрэлу аэрадрома «Канатава» і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Сваю датычнасць ён адмаўляе. Выбух на «Паўночным патоку» адбыўся 26 верасня 2022 года. Данія і Швецыя ўжо завяршылі расследаванне без крымінальнай справы.