Станцыі мінскага метро больш не будзе затапляць? Вось што перарабілі

Рашэнне не самае эстэтычнае.

14.08.2024 / 10:37

Так стала на станцыі метро «Усход», выхад 2-1. Фота тут і далей: blizko.by

Пра рамонт піша blizko.by.

18 ліпеня ў Мінску здарылася магутная залева. Ліўневыя патокі дабраліся і да падземкі. Часова закрытыя для пасажыраў былі станцыя «Парк Чалюскінцаў», вестыбюль станцыі «Усход». У тыктоку выклалі відэа, на якім відаць, як па прыступках спуску на платформу станцыі «Усход» цякуць каскадныя вадаспады.

Неўзабаве пасля гэтага на рамонт зачынілі некаторыя выхады са станцый метро «Усход» і «Парк Чалюскінцаў».

Так, з 29 ліпеня да 9 жніўня перакрылі выхады №№ 1-1 і 2-1 на станцыі «Усход» і №№ 3-2 і 4-2 на станцыі «Парк Чалюскінцаў».

 

Пры гэтым некаторыя з гэтых выхадаў некалькі гадоў таму ўжо закрывалі на рамонт. Але новы рамонт закліканы не дапусціць вадаспадаў на лесвіцах і платформах станцый метро.

Што змянілася? Дадалі прыступкі. Калі раней на выхадах з метро была адна невялікая, то цяпер зрабілі 2-4 прыступкі. Атрымаўся высокі подыум. Недзе ўжо паставілі пандус.

Так было раней ля станцыі метро «Усход» (выхад 2-1):

А так стала цяпер:

Так было раней ля станцыі «Парк Чалюскінцаў» (выхад 4-2):

А гэта цяперашні варыянт:

А так перарабілі выхад 3-2 са станцыі «Парк Чалюскінцаў»:

У прэс-службе Мінскага метрапалітэна пацвердзілі, што праект рамонту прадугледжваў рашэнне праблемы затаплення станцый.

Nashaniva.com