Галоўчанка: Сітуацыя на валютным рынку ўстойлівая, расце давер да беларускага рубля

За студзень-чэрвень ВУП Беларусі вырас на 5% пры прагнозе 3%.

14.08.2024 / 11:03

Раман Галоўчанка і 12 членаў урада. Фота: БелТА

Сітуацыя на валютным рынку ўстойлівая, расце давер насельніцтва да беларускага рубля. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас пасяджэння ўрада, піша БелТА.

«На парадку дня разгляд вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за першае паўгоддзе. Вынікі студзеня-чэрвеня вядомыя. У цэлым яны нядрэнныя. Калі коратка, то з пяці найважнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка выканана чатыры. Пяты паказчык — экспарт — недавыкананы зусім крыху», — сказаў Раман Галоўчанка.

За студзень-чэрвень ВУП Беларусі вырас на 5% пры прагнозе 3%. Ва ўсіх абласцях і Мінску забяспечаны рост валавога рэгіянальнага прадукту. Заданне выканана ўсімі рэгіёнамі, за выключэннем Гомельскай вобласці — 102,1% пры заданні 102,8%.

Высокія тэмпы росту забяспечаны ў прамысловасці (107,1%), сельскай гаспадарцы (109,7%), будаўніцтве (108,8%) і гандлі (111%).

«Дзякуючы прынятым намі сумесна з Нацыянальным банкам мерам у краіне забяспечваецца і макраэканамічная стабільнасць. Усе расходныя абавязацельствы бюджэту сацыяльнага характару выконваюцца своечасова і ў поўным аб'ёме. Сітуацыя на валютным рынку ўстойлівая, расце давер насельніцтва да нацыянальнай валюты. З пачатку года ўклады грамадзян у беларускіх рублях выраслі на Br1,4 млрд, або на 17,5%», — адзначыў прэм'ер-міністр.

За мінулы перыяд золатавалютныя рэзервы павялічыліся на $400 млн і на 1 жніўня склалі $8,5 млрд. Інфляцыя знаходзіцца ў рамках прагнозу: у чэрвені да снежня яе ўзровень склаў 3,4% пры заданні не больш за 3,9%.

Nashaniva.com