Алжырская баксёрка, якая падвергнулася цкаванню, падала пазоў на Джоан Роўлінг і Ілана Маска
Дональд Трамп, магчыма, таксама стане фігурантам расследавання.
14.08.2024 / 12:46
Іман Хеліф. Фота: John Locher / AP
Пісьменніца Джоан Роўлінг і бізнэсовец Ілан Маск сталі фігурантамі крымінальнага пазову супраць сацсеткі X з боку алімпійскай чэмпіёнкі ў боксе з Алжыра Іман Хеліф, пра гэта Variety паведаміў адвакат дзяўчыны Набіль Будзі.
Па словах адваката дзяўчыны, яго падабаронная сутыкнулася з «актамі цяжкага кібербулінгу». Скарга пададзеная ў цэнтр барацьбы з распальваннем нянавісці ў інтэрнэце пры пракуратуры Парыжа. Хоць у скарзе згадваюцца канкрэтныя імёны, пасля расследавання да справы могуць быць прыцягнутыя ўсе, каго абвінавачванне палічыць патрэбным.
Будзі дадаў, што кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп таксама стане фігурантам расследавання.
«Трамп напісаў паведамленне, так што незалежна ад таго, ці будзе ён названы ў нашым пазове ці не, ён непазбежна будзе разгледжаны ў рамках судовага пераследу», — дадаў ён.
Якія менавіта паведамленні ў X сталі прадметам разбору, не паведамляецца. Аднак падчас Алімпіяды Роўлінг апісала адзін з баёў Хеліф як «відовішча, у якім мужчына збівае жанчыну на пацеху публіцы». Маск жа падтрымаў меркаванне амерыканскай плыўчыхі Райлі Гейнс аб тым, што выступ Хеліф у жаночай частцы алімпійскага турніру па боксе недапушчальны.
«Мужчынам не месца ў жаночым спорце. Давайце зробім гэта трэндам», — напісала Гейнс на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, дадаўшы хэштэг з падтрымкай Анджэлы Карыні, якая адмовілася біцца з Хеліф. «Абсалютна», — напісаў Маск.
Хеліф назвала перамогу на Гульнях адказам на кампанію супраць яе. Дзяўчына заваявала залаты медаль у вагавой катэгорыі да 66 кг.
Алжырская спартсменка была адной з дыскваліфікаваных у мінулым годзе на чэмпіянаце свету Міжнароднай асацыяцыяй бокса (IBA). Кіраўнік IBA прадстаўнік Расіі Умар Крамлёў заявіў, што ў адхіленых спартсменак генетычныя тэсты нібыта выявілі мужчынскі набор храмасом XY.
Аднак Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў Хеліф да ўдзелу ў гульнях у Парыжы. Дырэктар МАК па камунікацыях Марк Адамс, тлумачачы пазіцыю арганізацыі, падкрэсліў, што гендарны тэст Хеліф не быў законным. Ён адзначыў, што ў працэсе ўзяцця ўзораў была маса парушэнняў, «пачынаючы з самой канцэпцыі і заканчваючы тым, як інфармацыю пра іх распаўсюдзілі на публіцы».
Іман Хеліф нарадзілася жанчынай і запісана ў пашпарце як жанчына. У Алжыры, пры гэтым, катэгарычна забаронены аперацыі па змене полу.
Па словах Хеліф, пасля скандалу з яе ўдзелам у Алімпійскіх гульнях яе трэнер забараніў ёй карыстацца сацыяльнымі сеткамі і чытаць навіны.
«Дай Бог, каб гэты крызіс завяршыўся залатым медалём. Гэта будзе найлепшым адказам. Пасля шуміхі ў СМІ і пасля перамогі была сумесь радасці і суму. Сапраўды кажучы, зусім нялёгка праходзіць праз такое. Гэта нешта, што топча чалавечую годнасць», — казала спартоўка ў інтэрв'ю.
Алжырка, якую цкавалі ў інтэрнэце, выйграла золата Алімпіяды
Алжырская баксёрка, якую раскрытыкавалі за наяўнасць мужчынскіх храмасом, паскардзілася на цкаванне
За гендарным скандалам на Алімпіядзе ў Парыжы стаіць Расія