Расія выводзіць частку войскаў з Украіны з-за баёў у Курскай вобласці

Колькасць войскаў, якія перакідвае расійскае камандаванне, амерыканскія чыноўнікі не называюць, піша The Wall Street Journal.

14.08.2024 / 13:02

Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал «Тыповы Курск»

Расія выводзіць частку войскаў з акупаваных тэрыторый Украіны праз наступ УСУ ў Курскай вобласці. Пра гэта выданню The Wall Street Journal паведамілі амерыканскія чыноўнікі, піша «Медуза».

Аднак яны не назвалі колькасць перакіданых войскаў, а таксама напрамкі, з якіх расійскае камандаванне здымае падраздзяленні.

Напярэдадні крыніца ў Генштабе УСУ паведаміла The Economist, што Расія перакідвае ў Курскую вобласць частку войскаў з Харкаўскага кірунку. Пры гэтым з фронту на Данбасе расіяне пакуль войскі не здымаюць.

Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас на сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 13 жніўня заявіў, што Расія перакідвае ў Курскую вобласць войскі з Калінінграда.

«Мы нават называем гэта «дэмілітарызацыяй» Калінінграда, якая адбываецца дзякуючы адвазе вашых вайскоўцаў, дзякуючы вашым рашэнням», — растлумачыў Кашчунас.

Ён заклікаў краіны Захаду дазволіць Украіне выкарыстоўваць дальнабойную зброю на тэрыторыі Расіі.

Nashaniva.com