Прызначылі дату разгляду апеляцыі Андрэя Гнёта на рашэнне сербскага суда

Беларускаму рэжысёру па-ранейшаму пагражае экстрадыцыя.

14.08.2024 / 13:17

Апеляцыйны суд Сербіі разгледзіць скаргу беларускага рэжысера Андрэя Гнёта на рашэнне аб экстрадыцыі 27 жніўня. Скарга на рашэньне Найвышэйшага суда ў Бялградзе была пададзена 18 чэрвеня, піша Радыё Свабода

«Праз два месяцы маруднага чаканьня і цемры апеляцыйны суд Сербіі прызначыў дату слуханняў. Гэта не проста дзень, гэта мой апошні шанец быць пачутым. Лёс усёй маёй будучыні ў адным кроку ад катастрофы, і менавіта зараз мне як ніколі патрэбная вашая падтрымка», — напісаў Гнёт у сацыяльных сетках.

Паводле словаў Гнёта, дзесяць месяцаў арышту, сем з якіх ён правёў у цэнтральнай турме Бялграда, былі бясконцым кашмарам.

Гнёт паведаміў, што слуханне апеляцыі будзе «публічным і адкрытым», і заклікаў прыйсьці і падтрымаць яго «ў гэты найважнейшы час».

Nashaniva.com