На Паралімпіядзе ў Парыжы ад Беларусі будуць удзельнічаць восем спартоўцаў

Выступаць беларусы ў французскай сталіцы будуць у нейтральным статусе.

14.08.2024 / 15:17

Michael Reaves / Getty Images

За медалі Паралімпіяды ў Парыжы пазмагаюцца восем беларускіх спартоўцаў, паведаміў «Спутніку» намеснік дырэктара РЦАП па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Аляксандр Флярко.

«У лёгкай атлетыцы выступяць Лізавета Дабравольская (кіданне кап'я), Уладзіслаў Грыб (кіданне клаба). Таксама за медалі Паралімпіяды пазмагаюцца плыўцы Ігар Бокій, Дзмітрый Салей, Максім Вашкевіч, Яўген Кавалёнак, Ягор Шчалканаў і Анастасія Зудзілава», — сказаў Флярко.

Выступаць беларускія спартсмены ў французскай сталіцы будуць у нейтральным статусе: без гімна, сцяга, нацыянальнай сімволікі.

Паралімпіяда пройдзе ў Парыжы з 28 жніўня па 8 верасня.

На Паралімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе беларусы заваявалі сем медалёў (пяць залатых, адзін срэбны, адзін бронзавы).

Nashaniva.com