На літоўска-беларускай мяжы перахапілі тры аўто, схаваныя ў туалетнай паперы
Незвычайны выпадак адбыўся ў суботу на літоўскім памежным пераходзе «Меднікі».
14.08.2024 / 15:33
Фота: lrmuitine.lt
Грамадзянін Узбекістана, які прыехаў на пост на фуры Man, заявіў, што перавозіць 720 кг туалетнай паперы, паведамляе Літоўская мытня.
Аднак мытнікі, якія правяралі машыну з дапамогай рэнтгенаўскай сістэмы кантролю, падумалі, што ў паўпрычэпе можа быць кантрабанда. Пры дэталёвым аглядзе паўпрычэпа, у задняй частцы якога былі складзеныя скрыні з туалетнай паперай, а бакавіцы закрытыя ДСП, былі выяўленыя тры машыны: Toyota Land Cruiser.
Кіроўца сказаў, што вельмі здзіўлены такой знаходкай і заявіў афіцэрам, што нічога не ведаў пра сакрэтны груз.
Аднак супрацоўнікі Віленскага аддзялення мытнай крымінальнай службы пачалі дасудовае расследаванне па факце кантрабанды.
Парушальніку пагражае штраф або турэмнае зняволенне на тэрмін да васьмі гадоў. Пасля допыту яму былі прызначаныя меры стрымання — у яго ўзялі пісьмовае абяцанне не выязджаць і забралі дакументы.
Затрыманыя машыны ацэньваюцца ў 87 тысяч еўра.