Пры ўездзе ў Турцыю будуць здымаць адбіткі пальцаў
Калі будзе ўведзена новая сістэма кантролю, не ўдакладняецца. Пра гэта паведамляе выданне Sabah са спасылкай на міністра ўнутраных спраў краіны Алі Ерлікая.
14.08.2024 / 15:49
Фота: Smi24.net
«Міністр унутраных спраў Ерлікая абвясціў пра важны праект на будучыню і паведаміў, што пры ўездзе ў Турцыю будуць здымацца адбіткі пальцаў, як у ЗША і Вялікабрытаніі», — піша Радыё Свабода.
Па словах кіраўніка МУС Турцыі, таксама новаўвядзенні закрануць і тых, хто атрымаў статус часовай абароны ў краіне. Іх пасведчанні асобы будуць забяспечваць чыпамі. Ерлікай сцвярджае, што на сённяшні дзень у Турцыі зарэгістравана амаль чатыры з паловай мільёны мігрантаў. З іх больш за тры мільёны — гэта грамадзяне Сірыі.
У канцы чэрвеня 2024 года ў турэцкай правінцыі Хатай пачаліся антымігранцкія пратэсты і пагромы пасля таго, як з'явілася інфармацыя, што бежанец з Сірыі дамагаўся на рынку ў Кайсеры 5-гадовай дзяўчынкі. Некаторыя дэпутаты турэцкага парламента заявілі, што ў міграцыйным крызісе ў краіне вінаваты цяперашні ўрад.