Украінская аперацыя ў Расіі прывяла да калапсу на чыгунцы: РЖД не прымае саставы з Беларусі на Маскоўскім і Бранскім кірунках

Асноўныя рэсурсы РЖД кінула на транспарціроўку перасяленцаў, перакідванне вайсковай тэхнікі і асабістага складу, паведамляе супольнасць чыгуначнікаў. 

14.08.2024 / 16:39

 Паводле незалежных чыгуначніказ, на адрас БЧ была накіравана тэлеграма аб неабходнасці спынення адпраўкі з 12 жніўня 2024 года грузавых цягнікоў з усіх станцый БЧ прызначэннем да станцый Арлоўска-Курскага аддзялення Маскоўскай чыгункі. Паведамленне не абмежаванае тэрмінам дзеяння, а мае адзнаку «да адмены». 

Таксама ёсць праблемы з саставамі на станцыях Смаленскай вобласці, што таксама ўплывае на рытмічнасць адпраўкі грузавых цягнікоў ад БЧ і вядзе да парушэння графіка руху. 

Як пішуць чыгуначнікі, 13.08.2024 года былі тэлефонныя званкі да кіраўніцтва БЧ з просьбамі не адпраўляць цягнікі ў напрамку Смаленскага рэгіёну. Там вялікія праблемы з лакаматывамі і асабістым складам.

«Нашы крыніцы паведамляюць, што адсутнасць лакаматываў выклікана правядзеннем расійскімі ўладамі маштабнай аператыўнай перакідкі войскаў на кірунку Курскай вобласці і перадыслакацыяй значнай часткі парка грузавых лакаматываў для ажыццяўлення вайсковых перавозак з цэнтральнай часткі Расіі», — пішуць чыгуначнікі. 

Гэта можа паўплываць не толькі на экспарт, але і на ўвоз тавараў у Беларусь. 

Nashaniva.com