У Расіі настаўніца патрабавала ў вучня сперму, каб нарадзіць. Яна пераследавала яго шэсць гадоў

Педагог закідвала хлопца паведамленнямі з фэйкавых акаўнтаў. Актывізавалася яна, калі вучню споўнілася 17 гадоў.

14.08.2024 / 18:37

Настаўніца матэматыкі патрабавала ад былога вучня сперму для зачацця дзіцяці і заяўляла, што ў яе да яго «платанічнае каханне».

Педагог вяла ў хлопца матэматыку ў 6-м класе ў школе ў Ленінградскай вобласці. Аднойчы вучань паставіў лайк на відэа з настаўніцай – і тая вырашыла, што ён у яе закаханы, піша Shot.

З тых часоў педагог стала часта пісаць хлопцу ў сацсетках — дасылала паштоўкі і цікавілася здароўем. Праз некаторы час сям'я пераехала ў Санкт-Пецярбург, і хлопчыка перавялі ў іншую школу. Але настаўніца працягнула пісаць ужо былому вучню.

Калі ён перайшоў у 9-ы клас, 45-гадовая жанчына заявіла, што хоча ад яго дзіця. Яе вабіла, што хлопец малады, высокі і гуляе ў хакей. 

Настаўніца пачала пісаць вучню дзіўныя паведамленні. У адным яна сцвярджала, што паколькі яна ва ўзросце, для донарства спермы ёй патрэбны чалавек маладзейшы, а да яго яна адчувае «платанічныя пачуцці» і ўпэўненая, што малое народзіцца з выдатнымі генамі.

Затым педагог пайшла яшчэ далей — яна скінула хлопцу графік зачацця і дамову на донарства спермы, якую прапанавала падпісаць, калі хлопцу споўніцца 18 гадоў.

«Ты разумны, прыгожы, справядлівы, упэўнены ў сабе, ты вырас добрым чалавекам дзякуючы свайму тату і маме. У цябе цвёрды характар, выдатная маці, ты на яе падобны. Так атрымалася, што апынуўся ў маім сэрцы і можаш дапамагчы мне здабыць сям'ю ў выглядзе дзіцяці. Я буду маці-адзіночкай, але мяне гэта не палохае. Я ўжо даволі доўга адна. А ты знойдзеш сабе цудоўную дзяўчыну для жыцця», — пісала настаўніца.

Школьнік спачатку адказваў ветліва, але потым адправіў педагога ў чорны спіс. Настаўніца не здалася і стала пісаць хлопцу з фэйкавых акаўнтаў пад выглядам школьніц.

Аднак яна пракалолася, калі павіншавала вучня з Днём кавуна і яшчэ парачкай дзіўных свят. Акрамя таго, яна пачала атакаваць віншавальнымі паштоўкамі і бацькоў хлопца.

Неўзабаве настаўніца з'явілася на парозе дома хлопца. Тады ягоныя бацькі вырашылі звярнуцца ў паліцыю. Следчыя вырашаюць пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле «Распусныя дзеянні».

Nashaniva.com