Турарбекава назвала два важныя адрозненні беларусаў
Палітолаг і былая выкладчыца БДУ Роза Турарбекава пераехала ў Беларусь з Казахстана. У новым выпуску ТОКу яна паразважала, у чым адрозненне беларусаў ад казахаў.
15.08.2024 / 08:00
Палітолаг Роза Турарбекава. Скрын відэа ТОКу
Адно з адрозненняў — стаўленне да грошай.
«Беларусы — людзі вельмі рацыянальныя, умеюць лічыць, не раскідваюцца грашыма. Гэта не азначае скнарства, гэта зусім іншы ўзровень», — падзялілася яна назіраннямі.
Казахі ж, кажа Турарбекава, не проста хлебасольныя.
«Гэта проста направа і налева раздача. Бо ўсё, што матэрыяльнае, яно некаштоўнае, а каштоўныя людзі».
Казахі — качавы народ, падкрэслівае палітолаг, а таму матэрыяльнае ўспрымалася як дадатковая ноша, якую трэба цягнуць. А чалавек — гэта крыніца інфармацыі, той, хто можа дапамагчы са скацінай.
Яшчэ адна адметнасць беларусаў — маўклівасць.
«Мне мае сяброўкі беларускія казалі: «Маўчы, будзь разумнай». Для мяне гэта нібыта я на іншай планеце апынулася. У казахаў нельга маўчаць. Калі ты маўчыш, ты нешта хаваеш. Відаць, дрэнную задуму».
Роза згадвае, як, калі пачала выкладаць беларускім студэнтам, не магла зразумець, падабаецца ім ці не. Бо казахскія студэнты засыпаюць пытаннямі і каментарамі, а беларусы проста маўчаць. Тады яе муж Павел Церашковіч, які таксама выкладаў ва ўніверсітэце, папрасіў Розу паказаць журнал наведвальнасці. І сказаў пасля: студэнтам цікавыя твае лекцыі, бо мала адсутных.
Палітолаг згадвае, як назіральніца на выбарах падзялілася з ёй высновай, якую Турарбекава запомніла назаўсёды: «Беларусы галасуюць нагамі».
«І яшчэ адзін момант, што я вынесла пра беларусаў: маўчанне не ёсць знак згоды. Я заўсёды гэта кажу ўсім сваім калегам, хто не беларусы. Кажу: вы іх не ведаеце.
«Добрыя такія, талерантныя людзі, вельмі прыемныя». Кажу: яны ўсім прыемныя, таму што яны маўчаць. «Ну так, маўчаць, значыць, згодныя, значыць, усё добра». Я кажу: не, маўчанне ў беларусаў не знак згоды. Гэта знак чаго заўгодна. Беларусы на ўсякі выпадак маўчаць. Казахі на ўсякі выпадак якраз-такі гавораць».
Глядзіце выпуск цалкам: