ЕС забараніў увоз у Беларусь сэканд-хэнду. МЗС пракаментаваў

МЗС Беларусі адрэагавала на забарону з апошняга пакета санкцый ЕС, згодна з якой у нашу краіну забаранілі ўвозіць сэканд-хэнд.

14.08.2024 / 18:08

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

З аднаго боку, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз лічыць, што гэты крок — антыгуманны, а з іншага — наша лёгкая прамысловасць ад гэтага выйграе.

«Гэты крок з'яўляецца чарговым пацвярджэннем таго, што Еўрасаюз абсалютна не прытрымліваецца логікі гуманнасці ў пытаннях увядзення санкцый, прымяняе абмежаванні на сацыяльна значныя тавары, якія карыстаюцца попытам, у тым ліку, у малазабяспечаных грамадзян, — сказаў ён.

Паводле экспертных ацэнак, доля тавараў сэканд-хэнд у агульным аб'ёме спажывання адзення складала каля 35%, піша БЕЛТА. У розніцу іх прадавалі каля 2,8 тыс. гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку я інтэрнэт-крамы.

Белстат палічыў, што кожны год у Беларусь увозіцца б/к адзення на суму каля $60—80 млн.

«Забарона ЕС на пастаўку ў Беларусь тавараў сэканд-хэнд створыць перадумовы для далейшага развіцця нацыянальнай вытворчасці, супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі і скароціць аб'ёмы імпарту небяспечнай прадукцыі з шэрага краін Еўропы і ЗША», — лічаць у МЗС.

Nashaniva.com