У Акадэміі навук пішуць новую шматтомную гісторыю Беларусі. Што зменіцца?
Два тамы будуць прысвечаныя археалогіі.
15.08.2024 / 12:05
Фота: БелТА
Інстытут гісторыі НАН Беларусі займаецца падрыхтоўкай новай шматтомнай гісторыі Беларусі.
Па словах дырэктара Інстытута Вадзіма Лакізы, выданне ахопіць перыяд ад каменнага веку да сучаснасці. У падрыхтоўку працы ўцягнутыя і археолагі, піша БелТА.
«За археолагамі два тамы, яны павінны паказаць ва ўсёй разнастайнасці далетапісную гісторыю, а таксама напоўніць гісторыю дзяржаўнасці канкрэтнымі фактамі і матэрыяламі, якія не заўсёды можна адшукаць у пісьмовых крыніцах. Мы хочам, каб гэта было зусім новае выданне, строга навуковае, але разам з тым разлічанае на шырокае кола чытачоў і якое цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам нашай краіны», — адзначыў Лакіза.
Працу над выданнем Інстытут гісторыі НАН вядзе ў кааперацыі з калегамі з ВНУ.
«Падрыхтоўка вядзецца на аснове канцэпцыі, якая прайшла апрабацыю ў рамках падрыхтоўкі і выдання «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці», абмеркавання і выкладання. Аднак гісторыя дзяржаўнасці — гэта ў асноўным палітычная гісторыя. Гісторыя Беларусі нашмат шырэйшая. На падрыхтаваную аснову нанізваюцца астатнія факты — эканоміка, сацыяльнае жыццё, матэрыяльная і духоўная культура, усе сферы жыццядзейнасці чалавека, грамадства і дзяржавы», — распавёў Лакіза.
Пра тэрміны выдання новай шматтомнай гісторыі Беларусі дырэктар Інстытута не распавёў.