Назвалі афіцыйную версію смерці Аляксея Навальнага
Аляксей Навальны памёр з-за таго, што ў яго раптам узнікла арытмія, сказана ў адказе Следчага камітэта.
15.08.2024 / 12:36
Фота: Markus Schreiber, AP
Гэта вынікае з пастановы аб адмове ў завядзенні справы па факце смерці апазіцыйнага палітыка.
Яе апублікавала ўдава палітыка Юлія Навальная. У пастанове, у прыватнасці, гаворыцца, што смерць Навальнага «не носіць крымінальнага характару». Прычынай нібыта стала «камбінаванае захворванне», і смерць наступіла ў выніку арытміі.
У дакуменце сказана, што смерць Навальнага мае арытмагенны характар, які праявіўся ў парушэнні рытму і праводнасці сэрца. Трыгерам стала крытычнае павышэнне крывянога ціску (гіпертанічны крыз). Узніклы на гэтым фоне ацёк міякарду разам з дыфузным кардыясклерозам стаў прычынай парушэння рытму. Фільтрацыйны ацёк і набуханне мозга пры гэтым сталі прычынай развіцця вострай гіпертанічнай энцэфалапатыі, якая магла праяўляцца ў выглядзе галаўных боляў, боляў у сэрцы, ванітаў, развіцця сутаргаў.
Як адзначае Навальная, парушэнне рытму сэрца немагчыма ўстанавіць пасмяротна, а пры жыцці ніякіх захворванняў сэрца ў Аляксея не было.
Аляксей Навальны памёр у калоніі «Паўночны воўк» 16 лютага 2024 года ва ўзросце 47 гадоў. Раней прычынай смерці называўся тромб.