Выйшла аўтабіяграфічная кніга Сяргея Дубаўца

«Занзібар» — гэта аўтабіяграфічны тэкст пра тое, як малады чалавек у 80-я гады адкрывае для сябе беларушчыну. У кнізе многа пра нефармальныя арганізацыі тых часоў: ад «Майстроўні» ды «Талакі» да літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя».

15.08.2024 / 14:24

Bellit.info

У пражскім выдавецтве Vesna выйшла з друку новая кніга пісьменніка і журналіста, першага рэдактара адноўленай «Нашай Нівы» Сяргея Дубаўца «Занзібар» з падзагалоўкам «Сталенне маладой душы». Такой навіной падзяліўся ў фэйсбуку сам аўтар, піша bellit.info.

«Як распавесці сваю гісторыю і не занудзіць чытача? Вельмі проста. Трэба за той самы час расказаць мноства гісторыяў, дзе будзе шмат персанажаў і сюжэтаў (абавязкова пра любоў), розных жанраў і падарожжаў як у часе, так і ў прасторы, будуць кантэксты і амаль не будзе цябе самога, бо ўсё гэта разам і будзе — твая гісторыя, сведкам і ўдзельнікам чаго ты быў сам, і што не выпала з памяці», — цытуе Сяргея Дубаўца выдавецтва Vesna.

«Занзібар» — гэта аўтабіяграфічны тэкст пра тое, як малады чалавек у 80-я гады адкрывае для сябе беларушчыну. У кнізе многа пра нефармальныя арганізацыі тых часоў: ад «Майстроўні» ды «Талакі» да літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя». Разам з тым, гэта не проста настальгічныя нататкі, аўтар праводзіць паралелі з сучаснасцю, беларускай рэчаіснасцю 2020-х гадоў.

Фрагмент кнігі Сяргея Дубаўца «Занзібар» можна пачытаць на сайце інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» у 127-м нумары часопіса «Дзеяслоў».

Nashaniva.com